ТОП просматриваемых книг сайта:
Знак чатырох. Артур Конан Дойл
Читать онлайн.Название Знак чатырох
Год выпуска 1890
isbn 978-985-7165-33-9
Автор произведения Артур Конан Дойл
Серия Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
Издательство Электронная книгарня
– Вы надзвычай уважлівы да дробязяў, – адзначыў я.
– Я цаню іх важнасць. Вось маё даследаванне пра сляды падэшваў – у ім змешчаныя некаторыя заўвагі адносна захавання адбіткаў з дапамогай гіпсу. А вось цікавая брашурка пра ўплыў прафесіі на форму рукі з літаграфіямі рук страхароў, маракоў, коркавых майстроў, кампазітараў, ткачоў і шліфавальшчыкаў алмазаў. Для дэтэктыва-навукоўца гэтае пытанне мае надзвычайнае практычнае значэнне, асабліва калі трэба апазнаць труп ці вызначыць род дзейнасці злачынцы. Але, здаецца, мае зацікаўленні вас прытамілі.
– Зусім не! – палымяна запярэчыў я. – Усё гэта вельмі захапляльна, да таго ж я меў шчаслівую магчымасць назіраць практычнае прымяненне вашых ведаў. Але вы толькі што згадалі ўменні назіраць і рабіць высновы. Мне здаецца, што адно з іх падразумявае і другое.
– Не, наўрад ці, – адказаў ён, з асалодай адкінуўшыся на спінку фатэля і выпускаючы з люлькі тонкія шызыя завіткі дыму. – Напрыклад, уменне назіраць падказала мне, што сёння ранкам вы былі на пошце на Ўігмар-стрыт, а ўменне рабіць высновы дапамагло зразумець, што вы адправілі там тэлеграму.
– Усё правільна! – сказаў я. – Абедзве высновы – проста ў яблычак! Але мушу прызнацца, што не разумею, як вы да іх прыйшлі. Пра свой намер я вам не расказваў, бо пошта ў мае планы не ўваходзіла.
– Няма нічога прасцейшага, – адказаў Холмс, смеючыся з майго здзіўлення. – Чаго тут яшчэ тлумачыць. Але гэты прыклад дапамагае размежаваць уменне назіраць і ўменне рабіць высновы. Першае падказала мне, што да вашых чаравікаў наліпла трошкі чырванаватай зямлі. А ля самай пошты на Ўігмар-стрыт акурат знялі ходнік. Там усё разрытае, і калі хочаш трапіць да будынка, абысці перашкоду немагчыма. Зямлі такога колеру няма, калі я не памыляюся, нідзе ў суседніх раёнах. Вось вам і назіранне. Засталіся высновы.
– І як жа вы зрабілі выснову пра тэлеграму?
– Сёння я ўвесь ранак праседзеў з вамі ў адным пакоі, а таму, безумоўна, ведаў, што ніякіх лістоў вы не пісалі. Таксама я заўважыў у адчыненай шуфлядзе вашага стала цэлы аркуш марак і тоўсты пачак паштовак. Значыць, адзінай мэтай вашага паходу на пошту магла быць тэлеграма. Выключыце ўсё, чаго не магло быць, – і вось вам правільны адказ.
– Вашая праўда, – сказаў я, трохі падумаўшы. – Але як самі вы толькі што сказалі, нічога прасцейшага быць не магло. Не палічыце за нахабства, але мне хочацца выпрабаваць вашыя ўменні больш сур’ёзна.
– Буду толькі рады, – адказаў ён, – бо гэта выратуе мяне ад чарговай порцыі какаіну. Я ахвотна займуся любой праблемай, якую вы мне прапануеце.
– Калісьці вы казалі, што, карыстаючыся штодня той ці іншай рэччу, чалавек абавязкова пакідае