Скачать книгу

запісаць пад вашым імем?

      – Ніякае! – адказаў Скрудж.

      – Вы хочаце ўнесці грошы ананімна?

      – Я хачу, каб мяне пакінулі ў спакоі, – адказаў Скрудж. – Калі ўжо вы пажадалі ведаць, чаго я хачу, вось вам мой адказ. Я не весялюся на Каляды і не магу выдаткоўваць грошы, каб весяліць лайдакоў. Я падтрымліваю ўстановы, пра якія казаў, і гэтага з мяне даволі. Тыя, хто цярпіць нястачу, могуць ісці туды.

      – Мала хто захоча туды пайсці – ужо лепш памерці.

      – Ну і хай паміраюць, – сказаў Скрудж, – і скарачаюць лішак насельніцтва. Да таго ж, прабачце, мяне гэта зусім не цікавіць.

      – Але гэта мусіць вас цікавіць! – запярэчыў джэнтльмен.

      – Гэта не мая справа, – абурыўся Скрудж. – Хай кожны займаецца сваімі справамі і не лезе ў чужыя. Мне дык сваіх цалкам хапае. Усяго найлепшага, джэнтльмены!

      Зразумеўшы, што спрачацца няма сэнсу, джэнтльмены зніклі за дзвярыма. Задаволены сабой, Скрудж вярнуўся да перарваных справаў весялейшы, чым звычайна.

      Тым часам цемра і імгла згусціліся так, што на вуліцы з’явіліся людзі з паходнямі, якія прапаноўвалі свае паслугі – ісці перад экіпажамі і асвятляць дарогу. Старадаўняя царкоўная званіца, чый даўно асіплы звон кожнага дня хітравата пазіраў на Скруджа з гатычнага акенца, зрабілася зусім нябачнай – здавалася, гадзіны і чвэрці вызвоньваліся дзесьці ў аблоках, і кожны ўдар суправаджаўся такім тоненькім бразгатаннем, быццам у звона ад холаду зуб на зуб не трапляе. Мароз мацнеў. У куце двара, што выходзіў на галоўную вуліцу, некалькі рабочых рамантавалі газавыя трубы, запаліўшы ў жароўні вялікае вогнішча, на якое сабраліся бесхацінцы. Яны грэлі рукі і зачаравана глядзелі на агонь. Забыты ўсімі водаправодны кран маркотна сцякаў вадой і пакрысе замярзаў, самотна пакрываючыся чалавеканенавісніцкай коркай лёду. Яркія вітрыны, у якіх ажно патрэсквалі ад гарачыні галінкі вастралісту, асвятлялі бляклыя твары мінакоў. Бакалейныя і мясныя крамкі ператварыліся ў шыкоўнае відовішча і нібыта цвялілі пакупнікоў – нельга было паверыць, што яны маюць хоць нейкае дачыненне да такой нудлівай справы, як гандаль і зніжкі. Лорд-мэр у раскошным палацы ўжо загадваў сваім пяцідзесяці кухарам і лёкаям не страляць варон, а рыхтавацца так, каб Каляды былі вартыя лорда-мэра, і нават маленькі краўчык, якога ён у мінулы панядзелак аштрафаваў на пяць шылінгаў за п’янства і крыважэрныя паводзіны на вуліцах, ужо размешваў на сваім гарышчы калядны пудынг, а яго сухарлявая жонка тым часам пабегла з дзіцем купляць ялавічыну.

      Аднак туман усё гусцейшы, мароз усё мацнейшы! Калючы, пранізлівы, рэзкі холад! Калі б добры наш святы Дунстан* схапіў д’ябла за нос такім марозам, а не нейкімі там шчыпцамі, ох і закрычаў бы нячысты! Ох і дасталася б яму! Вось і аднаго маладога ўладальніка досыць сціплага носа галодны мароз ужо да душы пакусаў і пагрыз не раўнуючы сабака костку; змерзлы юнак акурат спыніўся ля замочнай шчылінкі Скруджа, каб забавіць таго вясёлай калядкай, аднак адразу пасля першых словаў святочнае песні: «Дай Бог, панове, шчасця вам, хай сум пакіне вас…»* – Скрудж з такім

Скачать книгу