ТОП просматриваемых книг сайта:
Вуліца Добрай Надзеі (зборнік). Міхась Андрасюк
Читать онлайн.Название Вуліца Добрай Надзеі (зборнік)
Год выпуска 2010
isbn 978-985-6887-80-5
Автор произведения Міхась Андрасюк
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»
Издательство Электронная книгарня
Па словах бабкі Сонькі, Уладзімір быў мужчына статны, высокага росту, сінявокі. Блакіт яго вачэй заходзіў так глыбока, што спалучаўся з сэрцам. Менавіта пра такіх людзей і кажуць, што яны сэрцам глядзяць на свет. А яшчэ з бяздонным блакітам вачэй пераклікалася здзіўленне. Уладзіміра здзіўляла ўсё: усход і захад сонца, вяртанне буслоў з далёкіх краін, кветка рамонка ў траве і халодны лапух на зімовай шыбе. “Ён павінен быў стаць паэтам”, – скажа бабка Сонька. Скажа гэтыя словы на ўсю вечнасць пазней, калі ўжо сяк-так пачне арыентавацца ў лабірынтах літар.
Але ў маладосці, калі наканаванасць, не ўпэўненая ў сваіх сілах, яшчэ паддаецца чалавечым пажаданням або волі выпадку, у свеце дзеда Уладзіміра нічога не ведалі пра паэтаў. У тыя гады іншы быў таксама час – не дазваляў абыкаму закідваць яго ў віртуальныя астрогі камп’ютэраў, закоўваць у цэлулоідныя калодкі кіно, а потым забаўляцца, соўваючы здарэнні наперад і назад, як мэблю па гасцінным пакоі, або, памыліўшыся шляхам, вяртацца да зыходнага пункту і пачынаць новую вандроўку. Кожнай рэчы вызначалася канкрэтнае заданне, а чалавеку – месца.
Таму вось дзед Уладзімір стаў фурманам у двары пана Драгабыцкага. Па буднях звозіў з палёў буракі і снапы жыта, а ў святочныя дні закладаў у брычку Султана і каціў гаспадароў у Кляшчэлі, у касцёл. Конь белы, як выліты з восеньскай iмглы, падрываў капыты, раскiдваў грыву, уступаў у гонку з ветрам. “І будзь тут разумны, і скажы – дзе канчаецца грыва, а дзе пачынаецца вецер”, – здзіўляліся сінія вочы.
Імчаліся праз Войнаўку, Палічну, Курашава, а імпэт здзіраў з галоў мужыцкія шапкі, і мужыкі схіляліся: “Дзень добры, пан! Дзень добры, Султан! Дзень добры, фурман Уладзімір!” – Малайчына, Уладзімір, – пан Драгабыцкі ўсміхаўся і сяброўскім жэстам ляпаў фурмана па плячы, а калі пространь між дваром і касцёлам удавалася прашмыргнуць за адну гадзіну, частаваў яго сапраўднай цыгарэткай.
Двор стаяў за вёскай, на ўскрайку лесу. Сярод вясковых хат белы будынак выдзяляўся памерамі і формай. Тры сцяны раскрываліся ганкамі, а драўляныя слупыкалонкі трымалі панад сходамі трохвугольныя дашкі. Паўднёвыя сходы выходзілі ў сад, паўночныя на шырокі дзядзінец, а ўсходнія ў невялікі парк, дзе ліпамі і клёнамі вызначаліся цяністыя алейкі. “Прагуляемся, сонейка?” – стары пан падстаўляў плячо сваёй старой пані, і яны адыходзілі ў ліпавы цень. Або, прысеўшы познім пасляпоўднем на ганку, пытаў яе: – Сонейка, а, можа, мы гарбатку папілі б?
Да ўсіх астатніх пан Драгабыцкі звяртаўся “сэрдэнько”. Такім словам клікаў свайго сына Стасінка і вітаў гасцей, што час ад часу наведвалі двор, і нават смургаляваты пастушок, захоплены знянацку ў дворскіх яблынях і грушах, мог спадзявацца на цёплае: “А што ж ты, сэрдэнько,