ТОП просматриваемых книг сайта:
Вуліца Добрай Надзеі (зборнік). Міхась Андрасюк
Читать онлайн.Название Вуліца Добрай Надзеі (зборнік)
Год выпуска 2010
isbn 978-985-6887-80-5
Автор произведения Міхась Андрасюк
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»
Издательство Электронная книгарня
Сашкава кватэра рабіла ўражанне дзіцячага садка. Маленькі столік быў абстаўлены маленькімі крэсламі, у маленькай шафе – маленькі пінжак і такія ж кашулі. На сцяне ў калідоры вісела таксама люстэрка, сантыметраў трыццаць над падлогай, зірыла шкляным вокам за нашымі сцёгнамі, лыткамі, каленямі. Але часцей за ўсё ў люстэрка глядзеўся чырвоны дзіцячы ровар. На гэтым ровары Сашка ездзіў на фабрыку. Націскаючы на мініяцюрныя педалі, каціўся тратуарам да скрыжавання вуліцы Першага мая і Вызвалення, перасякаў асфальтавую стужку дарогі і фабрычную браму, дзе, прыкладваючы два пальцы да брыля, вахцёры аддавалі яму чэсць. Пунктуальна а шостай або а чатырнаццатай самы маленькі ў Мястэчку сталяр ставаў насупраць вялікай машыны, як іншыя чалавечыя давіды штодзень паўстаюць супраць сваіх асабістых галіяфаў. Паўстаюць так доўга, як доўга выходзяць пераможцамі.
Ён пускаў у ход машыну, машына адгукалася раз’юшаным голасам, саслізгваліся стужкавым канвеерам у бяздонную пашчу дошкі.
– На, нажрыся, можа не задавішся! – перабіраючы пальцамі электрычныя кнопкі, паскорваў ход канвеера. Але зяпа спраўлялася. Задыханая, перажоўвала ўсё, што ёй далі, ды выплёўвала на свет бясконцую хмару стружын і апілак.
– Ранейпазней каўкнем і цябе, – у дабрадушнай усмешцы выскальваліся сталёвыя зубы.
– Або і не, – адгрызаўся Сашка, загружаючы ў зяпу дадатковую порцыю сасновай драўніны.
Размаўлялі без накіпу злосці. Калі гутарыш дваццаць гадоў з чалавекам ці машынай, ведаеш суразмоўцу дакладна так, як ён ведае цябе, і нават шорсткае слова або грубы жэст успрымаеш як звычайны сяброўскі штуршок у плячо.
З новым годам фабрыку пачалі наведваць новыя людзі, якіх раней ніхто тут не бачыў. Заклаўшы рукі за спінай, сноўдалі ў мантажную і шпалерную майстэрні, абмацвалі мэблю, выстуквалі пальцамі на лакіраваных сценках ім толькі вядомыя шыфры. Сасновая драўніна адгукалася сваім голасам, дубіна сваім, а яны, слухаючы адказ, усміхаліся або, скрывіўшы ад незадавальнення вусны, нешта запісвалі ў абкладзеных скурай блакнотах. Часам спыняліся перад нейкім станком. Падцягнуўшы манжэты, нерухомелі на пяць, дзесяць хвілін, і толькі іх вочы прабягалі нябачны шлях між цыферблатамі гадзіннікаў ды рукамі сталяроў. А потым у нататніках запісваліся нейкія лічбы і словы.
– А гэта што за архаічнае дзіва?! – сказаў аднойчы незнаёмы чалавек, разглядаючы Сашкаў станок.
– Так, архаічнае, – пацвердзіў другі. Але ён якраз глядзеў не на станок, а на Сашку.
– Пара на пенсію, – прамовіў трэці. – А тут стане самы вялікі агрэгат. У гэтым Мястэчку яшчэ такой тэхнікі не бачылі.
На наступны дзень стары станок не адазваўся ні з раніцы, ні пасля поўдня. Заціснуўшы зубы, замоўк на век вечны. Ніхто таксама