ТОП просматриваемых книг сайта:
Мы з Санькам – артылерысты. Іван Сяркоў
Читать онлайн.Название Мы з Санькам – артылерысты
Год выпуска 1989
isbn 978-985-02-1159-0
Автор произведения Іван Сяркоў
Жанр Детская проза
Издательство Электронная книгарня
Полно горе горевать.
– Ну, пішыце, – скончыў бацька развітанкі, паціснуў нам з Санькам рукі, як роўні, і, тузануўшы вожкі, крыкнуў на Стрыгунка: – Но-о! Развесіў вушы!
Парожнія калёсы лёгка пакаціліся прэч, узнімаючы густы пыл, а мы засталіся адны на дарозе ў жыце. I тут мне чамусьці ўспомнілася леташняе-пазалеташняе, тое, як бабка аднойчы сказала: «У, ідал, сэрца ў цябе каменнае». А навёў тады бабульку на такое адкрыццё наш парсючок Дзюнька. Такой скацініны, як ён, не бачыў свет. Худы і цыбаты, замурзаны да самых вушэй пасля бясконцых купанняў у лужыне, ён умеў бегаць так, што і сабака не дакажа. А кемлівы быў, а хітры, такога і сярод нас, хлопцаў, яшчэ трэба пашукаць. Усе дзіркі ў сваім плоце і ў суседскіх ён ведаў назубок. Ад гэтага Дзюнькі мой малодшы брат Глыжка выў воўкам: не дагнаць жа, сабаку, не пераняць, хоць на ланцугу трымай. I вось гэтай вясной не паспелі мы пасадзіць бульбу, як Дзюнька, прасачыўшы, што ўсе пайшлі абедаць, прабраўся ў гарод і пачаў яе капаць, не чакаючы ўраджаю. Ну і бегатня тады была па нашых пасевах, ну і аблава! Хто з чым, а я з хлудам, насіліся мы за нахабнікам да сёмага поту. Бабулька праклінала яго на чым свет стаіць: і каб ён здох, і каб апруцянеў, і каб яго пераехала, бо так ён можа загнаць каго хочаш у магілу. А парсюку – хоць бы што, у яго быццам вочы завязаны, ні варотцаў, знарок адчыненых для яго, ні сваіх дзірак у плоце не бачыць, гойсае сабе па градах уподбрыкі ды весела рохкае, задраўшы лыч угару. Дражніцца, халера. Вось і ўцэліў я тады яму хлудам па рэбрах, аж той заекатаў немым голасам. I ўмомант дзе і дзірка знайшлася на вуліцу, толькі плот затрашчаў! Вось тады, крыху аддыхаўшыся пасля бегатні, бабка і сказала: «У, ідал, сэрца ў цябе каменнае. А калі б самога так, соладка было б?»
Ды за што ж мяне? Што гэта – я зглуміў паўрада бульбы сваім лычам, я спаганіў грады? Сем пятніц у яе на тыдні: то – каб ён здох, то – у мяне сэрца каменнае. Я разгневаўся, кінуў-рынуў усё і пайшоў да Санькі гуляць. А Санька мяне супакоіў. Аказваецца, што каменнае сэрца – гэта не так і дрэнна, калі той камень – не проста дзічак, а крэмень. Крэмень – камень асаблівы: у ім жыве агонь. Нездарма ж, калі ўрэжаш па ім зломкам сталёвага рашпіля, дык снопам сыплюцца іскры. А чорны ён таму, што, мабыць, у агні нарадзіўся. У сапраўдных хлопцаў, калі яны – не цюхі-мацюхі, і павінны быць крамянёвыя сэрцы. Так суцяшаў Санька, і мне гэта нават спадабалася. Цяпер было зразумела, чаму мы з сябрам такія цвёрдыя. У нашай з ім цвёрдасці не раз маглі пераканацца і Глёкава Каця, і Сонька-Кучараўка, калі мы, вяртаючыся са школы, іншы раз штурхалі іх у крапіву, каб не былі такімі разумніцамі. Мы маглі па сто гадоў і не глядзець у іхні бок, калі яны адмаўляліся танцаваць з намі «Сербіянку» пад Косцікаву балалайку. I было з-за чаго ім нос задзіраць перад намі, з-за чаго дзьмуцца – з-за аднаго-двух хрушчоў, якіх мы дзеля смеху іншы раз кідалі ім за каўнерыкі кофтачак. Хіба толькі з імі мы так жартавалі? Дык іншыя ж не дзьмуліся, а то – цацы!
I вось цяпер, калі бацькаў воз усё болей і болей аддаляецца, калі зніклі нарэшце ў жытнёвых хвалях выцвілая ад сонца бацькава пілотка, а затым і дуга над стрыгунковай галавой, мне чамусьці зрабілася горка-горка на душы, быццам палыну туды кінулі. Быццам штосьці такое згубіў, без чаго і жыць на свеце нельга. I не знайсці яго больш, і не вярнуць.
Усё… Скончылася…
Як за плечы перакінуў…
I не будзе больш побач са мной бабкі, ніхто не назаве мяне цяпер ідалам і гайдамакам, ніхто больш не скажа, што ў мяне каменнае сэрца; не будзе больш побач і бацькі, з якім усе мы смелыя і разумныя; і брат не будзе чапляцца: то ў яго рагатка парвалася, то яму канёк з дроту зрабі. Не будзе нічога, што раней было: ні старой, драўлянай школы, ні возера з акунямі, ні пагулянак на суседавай прызбе. Словам, пакідаем мы з Санькам сваё дзяцінства – не наеліся ўдосталь хлеба, не навучыліся ў ахвоту, не набегаліся на паплавах, не нагарцаваліся на калгасных конях, не назбіраліся на балоце качыных яек, не налавіліся ў былых тарфяных кар’ерах і выгарах шчупянят і карасікаў, не наласаваліся яблыкамі з суседскіх садоў, не направодзіліся вечарамі дзяўчат пасля пагулянак дахаты. А не наеўся, як кажа бабка, – не наліжашся. Трэба ісці. Седзячы дома на печы, афіцэрам артылерыі не будзеш.
Наш прыяцель, сын участковага міліцыянера Юрка Калдоба, які разам з намі бавіў свой водпуск на полі, на лузе і на суседавай прызбе па вечарах, зусім даканаў нас расказамі пра сваё вучылішча, і мы з Санькам без артылерыі цяпер і дыхнуць не можам. Нам нават сняцца розныя там марціры і гаўбіцы. Кожны вечар, кладучыся спаць пасля нішчымнай вячэры, я ўпотай мару пра артылерыйскі паёк. Юрка кажа, што кормяць іх там добра: хлеба даюць пад завязку, і крупнік заўсёды з мясам. А галоўнае – будзем вучыцца як людзі: і кніжкі табе, і сшыткі, толькі чытай і пішы.
Мы ідзём не куды-небудзь проста ў людзі, а лічы, што ў армію, і таму прыбіраць нас асабліва не прыбіралі. Бабка шкадавала, што на мне яшчэ добрыя штаны, усяго раз ці два латаныя, мог бы яшчэ і Глыжка данасіць. Але былі яны ў мяне ўсяго адны, і горшыя выбраць няма з чаго. А іх жа там, відаць, забяруць, як будуць пераапранаць нас у камандзіры. Хто там будзе берагчы гэтыя абноскі. Забяруць і бацькавы салдацкія чаравікі, яшчэ даволітакі трывалыя. Вось іх дык