ТОП просматриваемых книг сайта:
Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката (зборнік). Наталка Харытанюк
Читать онлайн.Название Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката (зборнік)
Год выпуска 2010
isbn 978-985-6901-94-5
Автор произведения Наталка Харытанюк
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Галерэя «Б»
Издательство Электронная книгарня
– А што ў цябе? – грозна перапытаў хлопец. Маёр падышоў да люстэрка – вочы ў яго былі чырвоныя і набухлыя. “Ад слёз,” – падумаў маёр, прыгадваючы сон.
– Ад слёз, – перадражніў яго хлопец, дастаючы з-пад фатэля паўпустую бутэльку віскі.
– Ты хочаш маёй смерці? – у роспачы запытаўся маёр, прысоўваючыся бліжэй да хлопца.
– Як цікава яны разбягаюцца, – сказаў хлопчык, разглядаючы зморшчынкі трывог на ілбе маёра.
– Чаму тады ты прыходзіш? – вінавата апусціў вочы маёр. – Я быў малады… – Не апраўдвайся, – перапыніў яго хлопец. Ён сказаў гэта пастаўленым барытонам, якім так ганарыўся маёр. Абодвух расчуліла нечаканае супадзенне.
Расчулены, хлопчык яшчэ пахадзіў вакол маёра, хітаючы галавой ды нешта прыгадваючы, – і зноў знік сярод ценяў.
– Чорт, – пяшчотна паглядзеў яму ў след маёр і, расхваляваны, заспяшаўся следам за хлопчыкам.
Калі Ліна апынулася за некалькі метраў ад таго скрыжавання, дзе вешалі расцяжкі – яна адчула, як шалёна б’ецца пульс у скронях. Далей яна нічога не бачыла… пакуль не падбегла да дроту. Праз дрот яна мусіла перакінуць дзве дошкі, да якіх была прымацаваная расцяжка. І тады…
Ліна была замахнулася, каб перакінуць першую дошку – як раптам заўважыла, што на дроце ўжо вісіць расцяжка: “Мёртвы кот – хіба яму прызначыш цану?”
Пад расцяжкай – перапэцканы фарбай – стаяў маёр Вайтовіч. Набухлымі і чырвонымі вачыма ён сачыў за Лінай. Спакойны, зняможаны, шчаслівы.
Ліна падышла да яго зусім блізка – так, што маёр змог удыхнуць водар яе духоў – дзёрзкі і рашучы. Яна нічога не разумела. Маёр, не стрымліваючы хвалявання, прашаптаў: – Я таксама буду мёртвым катом.
Ліна працягнула яму сваю мяккую халодную руку: “Будзеш, – прашапталая яна і грамчэй, – бяжым”.
Маёр ведаў: праз трыццаць секунд прагучыць пранізлівы скрыгат колаў за паваротам. Праз трыццаць пяць – адтуль выбяжыць патруль. І ўсё, у прынцыпе. Канец.
Маёр пачаў лічыць удары сэрца. Раз, два, тры… Трыццаць пяць: – Бяжым!!! – крыкнула ў гэты момант Ліна. Але маёр не скрануўся з мейсца.
Маёру Вайтовічу ўпершыню ў жыцці накідвалі кайданкі. Ён глядзеў на аблокі, якія плылі з поўначы, і камусьці ўсміхаўся, нібы ўпершыню выходзіў на волю. Нібы ўпершыню бачыў неба.
А Ліна ў гэты момант – яшчэ свабодная, яшчэ нічым не спакушаная – бегла прэч.
Яна бегла ад усяго: ад пагоні і пазыўных на рацыях патруля. Ад раззлаванага голасу бацькі ў слухаўцы. Ад педаляў газу, якія не націскаюцца.
Ліна бегла і, амаль не спыняючыся, ляпіла на кожны слуп Савецкай налепкі.
“Мець уладу – і не карыстацца ёй”, “Тонкае – гэта святое” і яшчэ “Космас непадзельны” – ляпіла яна на самыя тоўстыя, самыя бачныя слупы роднага гораду.
Калі Ліна выбегла на Маякоўскага, яна схапілася за ўлёткі.
Сотні рознакаляровых паперак разляталіся па дворыках і завулках, лягалі на сходы і ліплі да шыбаў, падалі на мінакоў. “Усё працінае ўсё” – было напісана на жоўтых аркушах.