Скачать книгу

расчаравана падумаў пра сябе арыстакрат Пойндэкстэр.

      – Цяпер я вам больш не патрэбны. Дарогу вы знойдзеце без мяне і майго ласо, – сказаў паляўнічы на дзікіх коней. – Кіпарыс бачны, трымайце прама на яго. Перайшоўшы раку, вы ўбачыце флаг, што развяваецца над фортам. Вы паспееце закончыць падарожжа да наступлення цемнаты. Я ж спяшаюся і павінен развітацца з вамі.

      Уявіце сабе д’ябла вярхом на пякельным кані, і гэта будзе даволі дакладнае аблічча Морыса-мустангера, калі ён у другі раз пакідаў плантатара і яго спадарожнікаў.

      Аднак ні запэцканы попелам твар мустангера, ні яго сціплая прафесія не расчаравалі Луізу Пойндэкстэр – ён ужо заваяваў яе сэрца.

      Калі Луіза пачула яго імя, яна прыціснула картку да грудзей і ў задуменнасці прашаптала так ціха, што ніхто, акрамя яе самой, не мог пачуць:

      – Морыс-мустангер, ты паланіў сэрца крэолкі! Божа мой, Божа мой! Ён занадта падобны на Люцыфера, ці магу я пагарджаць ім!

      5. Жыллё паляўнічага на мустангаў

      Там, дзе Рыо-дэ-Нуэсес (Арэхавая рака) збірае свае воды з сотні рэчак і ручаін, якія ўсеялі карту, нібы галіны вялікага дрэва, ляжаць на дзіва маляўнічыя мясціны. Гэта ўзгорыстая прэрыя з раскіданымі па ёй дубовымі і арэхавымі гаямі, якія то тут, то там уздоўж берагоў зліваюцца ў суцэльныя зялёныя лясныя масівы.

      Месцамі лес змяняецца густымі зараснікамі, дзе сярод разнастайных відаў акацыі расце кадайскі бальзам, крэазотавы хмызняк, дзікі альяс; там жа сустракаюцца экзатычная расліна цэрэус, разнастайныя кактусы і дрэвападобная юка.

      Гэтыя калючыя расліны не радуюць земляроба, бо яны звычайна растуць на беднай зямлі; затое для батаніка і аматара прыроды тут шмат прывабнага, асабліва калі цэрэус раскрывае свае агромністыя, нібы васковыя, кветкі ці фукіера, высока падняўшыся над хмызняком, выкідвае, нібы разгорнуты флаг, сваё цудоўнае пунсовае суквецце.

      Але ёсць там і ўрадлівыя месцы, дзе на чарназёмнай глебе растуць высокія дрэвы з пышным лісцем: індзейскае мыльнае дрэва, арэхавае дрэва, вязы, дубы некалькіх відаў, дзе-нідзе сустракаюцца кіпарысы і таполі; гэты лес пераліваецца ўсімі адценнямі зеляніны, і яго па справядлівасці можна назваць Цудоўным.

      Ручаі ў гэтых месцах крыштальна чыстыя – яны адбіваюць сапфіравую сінь неба. Воблакі амаль ніколі не засланяюць сонца, месяца і зорак. Тут не ведаюць хвароб – ні адна эпідэмія не пранікла ў гэтыя блаславенныя мясціны.

      Але цывілізаваны чалавек яшчэ не пасяліўся тут, і па-ранейшаму толькі адны чырванаскурыя каманчы прабіраюцца па заблытаных лясных сцежках, і то толькі калі вярхом на конях яны адпраўляюцца ў набег на пасяленні Ніжняй Нуэсес, або Ляоны. Нядзіўна, што дзікія звяры выбралі гэтыя глухія месцы сваім прыстанкам. Нідзе на ўсім Тэхасе вы не сустрэнеце столькі аленяў і пужлівых антылоп, як тут. Трусы ўвесь час мільгаюць перад вамі; крыху радзей трапляюцца на вочы дзікія свінні, тхары, суслікі.

      Прыгожыя стракатыя птушкі ажыўляюць ландшафт. Перапёлкі з шамаценнем крылаў узвіваюцца ў неба; каралеўскі грыф лунае ў паветры;

Скачать книгу