Скачать книгу

перадаць яе рэдактару проста ў рукі. Пазней, на працягу дня, я сам зайду па адказ.

      – Добра! – сказаў чалавек-нажніцы і зноў узяўся за свае газеты.

      Мне падалося, што ён паставіўся да справы занадта спакойна, але я прамаўчаў, з удаванай абыякавасцю кіўнуў яму і пайшоў.

      Цяпер у мяне было шмат вольнага часу. Хоць бы неба паяснела ці што! Надвор’е брыдкае, ані ветру, ані марозу, дамы прадбачліва раскрылі парасоны, а капелюшы на галовах у мужчын маюць смешны і сумны выгляд. Я зноў іду на рынак, разглядаю зеляніну і ружы. Раптам хтосьці кладзе мне руку на плячо, і я азіраюся: гэта той, што мае мянушку Паненка, жадае мне добрага дня.

      – Добры дзянёк? – паўтарыў я, быццам пытаючыся і прагнучы як найхутчэй ад яго пазбавіцца. Я недалюбліваў Паненку.

      Ён з цікаўнасцю глядзіць на вялікі, ладны скрутак у мяне пад пахай і пытаецца:

      – Што гэта ў вас?

      – Я быў у Семба і купіў сёе-тое сабе на вопратку, – абыякавым тонам адказваю я. – Мне надакучыла хадзіць у гэткім паношаным адзенні. Няможна ж бясконца грэбаваць сваім абліччам.

      Ён глядзіць на мяне са здзіўленнем.

      – Ну, а наогул як маецеся? – пытаецца ён, памаўчаўшы.

      – Лепшага і жадаць немажліва!

      – Ці знайшлі сабе які-небудзь занятак?

      – Занятак? – паўтараю я з наўмысным здзіўленнем. – Хай будзе вам вядома, што я служу бухгалтарам у аптовай фірме Крысці.

      – Вось як! – кажа ён, падаючыся назад. – Ах ты Божа, да чаго ж я рады за вас! Глядзіце ж, не раздавайце грошай усялякім жабракам. Усяго добрага!

      Адышоўшы крыху, ён зноў вяртаецца, паказвае кійком на мой скрутак і кажа:

      – Дазвольце рэкамендаваць вам майго краўца. Больш спраўнага краўца за Ісаксэна вам не знайсці. Скажыце, што вы ад мяне.

      І навошта яму спатрэбілася соваць нос у мае справы? Што яму да таго, да якога краўца я пайду? Я раззлаваўся: гэты пусты вымаднены чалавек раздражняў мяне, і я досыць груба нагадаў яму пра тыя дзесяць крон, якія ён неяк у мяне быў пазычыў. Але не паспеў ён адказаць, як я пачаў шкадаваць, што запатрабаваў у яго пазыку, збянтэжыўся і апусціў вочы. У гэты час паўз нас праходзіла дама, я адступіўся, каб прапусціць яе, і скарыстаўся выпадкам сысці.

      Куды мне падацца, дзе чакаць? Ісці ў кавярню з пустой кішэняю я не мог, і да знаёмых у гэты час дня не было як зазірнуць. Я задуменна паклыпаў па горадзе, паміж рынкам і вуліцай Грэнсэн, прачытаў «Вячэрнія навіны», толькі што вывешаныя на дошцы, прайшоўся па вуліцы Карла Юхана, потым павярнуў і накіраваўся да царквы Збаўцы, дзе знайшоў спакойнае месцейка на могілках, каля самай капліцы.

      Паветра тут было вільготнае, я сядзеў у цішыні, думаў, паціху пачынаў драмаць і ладна такі мерзнуць. Час ішоў. Ці можна быць упэўненым, што мой фельетон – гэта хоць і маленькі, але натхнёны шэдэўр? Бог ведае, ці няма ў ім памылак! Калі добра падумаць, яго могуць і зусім не прыняць, проста не прыняць! Мабыць, ён і праўда пасрэдны, а то і безнадзейна дрэнны; хто можа даць мне гарантыю, што яго ўжо не выкінулі ў кошык

Скачать книгу