Скачать книгу

сябе жалезны кубак – той шоргнуў па сталешніцы, як гераічны пратэз інваліда грамадзянскай вайны аб брукаванку. Та-ак, гэта табе не бардо ў крышталёвым келіху рэстарана менскага гатэля «Еўропа» ды пад гранне венскага дамскага аркестра… Зрэшты, ён тады быў зусім юны, і даваенна-рэвалюцыйныя ўспаміны расплываюцца ў памяці вясёлкавым туманам.

      Затое гэты жалезны, пагнуты кубак са спіртам – дужа рэальны.

      Лекар паднёс кубак да вуснаў, не адрываючы пагляду ад падлогі, нібыта шэрыя масніцы, раздзеленыя тонкімі палоскамі гразі, былі ягоным ратункам. Роўныя, падагнаныя адна да адной, пакорлівыя і надзейныя. Узор для грамадства новага тыпу.

      Спірт звыкла апёк горла. Свет закрыўся, як ракавінка, з якой дасталі перліну.

      Падалося ці не, што цёмныя роўчыкі паміж масніцамі рассунуліся і адна з масніцаў стала шырэйшай за іншыя на два пальцы?

      Уздзеянне алкаголю на мазгі і ягоныя сімптомы… Ён усё яшчэ памятаў нешта са сваёй прафесіі. Хаця навошта? Усё, што ад яго патрабавалася, – не вылечыць, а зрабіць так, каб вораг народа мог зноў адчуваць боль – і гаварыць. А значыць, крычаць, благаць, вішчаць, гарлаць, стагнаць, верашчаць… А таксама маліць, прасіць, запэўніваць, згаджацца – і называць, называць, называць… Імёны, адрасы, заданні…

      Часам каты прыносілі ў турэмную бальніцу непрытомных вязняў, нічога не тлумачачы, але з такімі паганымі і грэблівымі ўсмешкамі, што лекар адразу разумеў: давядзецца самому здагадвацца, як напаўжмурыка катавалі, бо нават каты не хочуць гэта агучваць. Словы – гэта ж з чалавечага свету. А тое, што яны толькі што рабілі, – нават не быдлячае, а… Жывёлы не могуць вытвараць тое, што адно з адным людзі.

      У лекара дасюль пачыналі дрыжэць рукі пасля такіх абследаванняў.

      Да чаго каты былі вынаходлівыя! Божа мой, ды калі б хоць доля тае вынаходлівасці людзям, якія прыдумваюць новыя лекі…

      На хвілю лекар адарваў позірк ад масніцаў, адсалютаваў жалезным кубкам вусатаму партрэту на сцяне з зялёнымі, як раска на паверхні дрыгвы, шпалерамі, адсёрбнуў…

      Гэта ўжо падобна да праўдзівых глюкаў. Падазроная масніца зрабілася шырэйшай за суседнія ўжо на цэлую даланю. Ці ён проста раней гэтага не заўважаў?

      Лекар быў яшчэ не стары. Прыемны інтэлігентны твар, высокі белы лоб, іранічны выгін броваў і асаблівая, даверліва-датклівая, складка вуснаў… З якой шалёнай надзеяй пазіралі на яго вочы скалечаных людзей! Але побач пільна пазіралі іншыя вочы – так званых «калегаў». І лекар, «аскалёпак старога рэжыму», прывучыўся глядзець на сваіх пацыентаў, як колісь ягоныя сярэднявечныя сабрацці па цэху на пракажоных. Падлеглыя смерці, праклятыя, амаль што не людзі… І яшчэ горш – часам яго самога змушалі быць катам. А клятвай Гіпакрата заставалася выцерці вусны падчас гэткіх самотных вячэраў, асобна ад сямейнікаў, перапалоханых метамарфозамі калісьці вясёлага і далікатнага гаспадара. Скарыстаць, скамечыць, як брудную сурвэтку, і кінуць у кут… Паўгода таму давялося «лячыць» трох былых аднакурснікаў сына, задзірыстага паэта Алеся… Яны пазналі яго… І таксама надзея ўскалыхнулася ў запалых, чырвоных ад бяссоння і пабояў, вачах… А што ён? Крыху паблажлівасці – і Алесь ляжа побач з гэтымі, на жалезны ложак, засланы шэрай прасціной у ржавых плямах… Ужо ледзь так не атрымалася, і дарагой цаной удалося выцягнуць яго з турмы. Але ці надоўга?

      Лекар кожны дзень зноў чакаў страшнага. І гатовы быў зрабіць усё, каб гэта адцягнуць. Што ён сам тут апынецца – наўрад. Яго ніхто лячыць не будзе. Кулю ў патыліцу – і на Месяц, як кажуць вязні… І ён нічога не мог патлумачыць сыну, які, чым далей, паглядаў з грэблівасцю, а часам з нянавісцю, змяшанай са шкадобай, і мімаволі хацелася збіць яго самому, зламаць дурную ганарыстасць, змусіць зашыцца ў куток… Абы застаўся жывы.

      Роўчыкі паміж масніцамі паціху распаўзаліся ў бакі…

      А лекар думаў пра свайго апошняга пацыента. Ён не мог не пазнаць яго. Як не мог не пазнаць самога сябе ў люстэрку. Такі ж высокі белы лоб – толькі ў крывападцёках ад падзенняў на каменную падлогу, просты нос, асаблівы мяккі выраз вуснаў – праўда, цяпер яны, запеклыя крывёй, былі скажоныя крыкам. Бач ты, пагалілі вязня… Яшчэ нядаўна зарос валасамі, як дзікун. А цяпер адразу відаць – паніч. У ягоных продкаў продкі лекара служылі спаконвек – ляснічымі, аканомамі, леснікамі… Служылі – і ненавідзелі. Нянавісць была ўзаемнай, але ў аніводным пакаленні традыцыя не парушалася, нібыта яе змацоўвала нешта вышэйшае за звычайныя чалавечыя пачуцці: гэты род – верныя слугі, а гэты – паблажлівыя гаспадары. Лекар ніколі не даруе пагардлівых позіркаў на сябе і сваю радзіну – род прыслугі з пакалення ў пакаленне абразліва выяўляў прыўлашчаныя калісьці рысы арыстакратычнага роду… І што з таго, што апошняму панічу ўжо не дасталося і следу колішняга багацця, і нават ягоны бацька быў, бадай што, бяднейшы за лекаравага бацьку. Што паніч пайшоў у навуку, бадзяўся, як апошні валацуга, па наваколлі, запісваючы з вуснаў былых «хлопаў» прыпавесці і былічкі, не зважаючы на пасміханні. Нянавісць засталася, як застаецца соль у марской ракавінцы – колькі яе ні адчышчай, а толькі паднясі да вуснаў – адчуеш смак мора.

      Цяпер надарылася магчымасць адпомсціцца. Але сэнсу ў помсце не было. З чалавекам зрабілі

Скачать книгу