ТОП просматриваемых книг сайта:
Навелы. Андрэ Маруа
Читать онлайн.Название Навелы
Год выпуска 0
isbn 978-985-90386-5-5
Автор произведения Андрэ Маруа
Жанр Зарубежная классика
Серия Электронная кнігарня
Издательство Электронная книгарня
У сне гэты белы дом прыцягваў мяне як магніт і я набліжалася да яго. Белы шлагбаўм перагароджваў дарогу. Потым трэба было ісці па алеі, якая паступова і вельмі хораша закруглялася. Абапал алеі зелянелі дрэўцы, а пад імі безліч веснавых кветак: прымулы, барвенак і анемоны, якія адразу ж вялі, калі я іх зрывала. У канцы алеі – прагал і там белы дом, перад домам – шырокі газон, пастрыжаны па-ангельску, амаль голы, усяго што ўсеяны, як макам, дробнымі фіялкамі.
Дом быў пабудаваны з белага каменю, дах крыты дахоўкаю. Невялічкі ганак, і там дзверы са светлага дубу са скульптурнай разьбой на панелях. Мне хацелася зайсці ў гэты дом, але ніхто не адклікаўся. Мяне гэта пужала, трывожыла, я званіла, я крычала і нарэшце прачыналася.
Такі быў мой сон, і ён паўтараўся некалькі месяцаў запар з такой дакладнасцю і падабенствам дэталей, што я пачала думаць – ці не бачыла я калі-небудзь у дзяцінстве гэты парк і гэты асабняк. Аднак нічога не магла ўзгадаць, і жаданне знайсці гэты дом, паглядзець на яго стала такім моцным, што аднаго разу ўлетку, калі я навучылася сама вадзіць малалітражку, вырашыла правесці вакацыі на дарогах Францыі і знайсці дом, які бачыла ў сне.
Не буду распавядаць вам аб сваім падарожжы. Я аб'ездзіла Нармандыю, Турэнь, Пуату і, вядома, нічога не знайшла. У кастрычніку я вярнулася ў Парыж, і ўсю зіму не выходзіў з маёй галавы белы дом. Гэтай вясной я аднавіла свае вандраванні на гэты раз па суседству з Парыжам. Аднойчы, калі я праязджала нізінай каля гарадка Ліль-Адан, у мяне раптам соладка заныла сэрца, я адчула тое радаснае хваляванне, што ахоплівае вас, калі пасля доўгай разлукі вы сустракаецеся з людзьмі ці мясцінамі вельмі дарагімі для вас.
Хоць я ніколі і не была тут, аднак, зірнуўшы направа, адразу пазнала пейзаж. Вяршыні таполяў падымаліся над ліпавым паркам. І праз кволае лісцейка маладых ліп прасвечваў знаёмы мне асабняк. Я была ўпэўнена, што гэта менавіта ён, той самы дом, які я сніла. Я ведала, што, метраў цераз сто, шашу перасякае вузкая дарога. Так яно і было. Я павярнула машыну і праз некалькі хвілін апынулася перад белым шлагбаўмам.
Там пачыналася алея, па якой я так часта хадзіла.
Едучы ў засені дрэў, я любавалася стракатымі кілімамі знаёмых мне кветак – барвенак, прымулы, анемоны… Выбраўшыся на прагал, я ўбачыла зялёны газон і ганак з адмысловымі дзвярамі. Я выйшла з машыны, узбегла на ганак і пазваніла.
Больш за ўсё я баялася, што ніхто не адклікнецца, але амаль у тую ж хвіліну выйшаў слуга, заклапочаны стары чалавек у чорным пінжаку. Убачыўшы мяне, ён страшэнна здзівіўся і доўга моўчкі мяне разглядваў.
– Можна мне звярнуцца да вас з просьбай не зусім звычайнай, – прамовіла я, крыху разгубіўшыся. – Я не ведаю гаспадароў гэтага дома, але палічыла б за шчасце, калі б яны мне дазволілі пабываць у іх.
– Асабняк здаецца ў наймы, мадам, – адказаў слуга са смуткам. – Мне даручана паказваць яго наведвальнікам.
– Здаецца ў наймы? Якая нечаканая ўдача!.. Чаму ж гаспадары самі не жывуць у такім прыгожым доме?
– Гаспадары ў ім жылі, мадам. Яны яго пакінулі, бо ў маёнтку завялася здань.
– Здань? Ну, гэта мяне ані не турбуе. Вось не думала, што ёсць яшчэ ў Францыі куткі, дзе вераць у нячыстую сілу…
– Я б не паверыў, мадам, – прамовіў зусім сур'ёзна слуга, – каб гэтая здань, ад якой збеглі мае гаспадары, не намазоліла вочы мне самому… Тут у парку, начамі…
– Выдумалі байку! – усміхнулася я.
– Байка, кажаце? – пакрыўдзіўся стары. – Каму-каму, а вам няма чаго смяяцца, мадам, бо гэтая здань – вы.
Бедная мама
Бертран Шміт праглядаў сваю пошту. Яго жонка Ізабэла, стоячы побач, з цікавасцю назірала, як мяняўся яго твар: рабіўся то хмурным, то радасным, у залежнасці ад таго, што ён у лістах вычытваў.
– Ага! – прамовіў ён. – Ліст з Пон-дэ-Лёра… Нешта адтуль вельмі рэдка…
Ён адшукаў подпіс:
– Жэрмэна Герэн?.. Ну так! Яна… Маці Дэнізы Гальман… Чаго ж яна ад мяне хоча?
Мадам Герэн паведамляла аб смерці сваёй маці, баранесы Дакенвіль, Руан, вуліца Даміет, на васьмідзесятым годзе жыцця: «Мне хацелася самой паведаміць вам гэту сумную навіну, вам, сябру маёй дарослай дачушкі, які некалі ведаў і маю бедную маму. Я ўзгадваю той час, калі Дэніза вадзіла вас на вуліцу Даміет, і маёй беднай маме было так прыемна слухаць, як вы двое дружна шчабечаце. Дэніза цяпер цудоўная дзяўчына. Вы… Не збіраюся казаць кампліментаў, а толькі спашлюся на тое, як высока цаніла вас мая бедная мама і не рабіла з гэтага сакрэту… Перада мной цяпер усё спустошана. Больш як трыццаць гадоў я кожны тыдзень прыязджала ў Руан, каб яе пабачыць. Яна такая старэнькая, але мела светлы розум і магла даць добрую параду. Я, мабыць, не перанесла б свайго болю, каб не падтрымка майго вернага Жоржа і не любоў маіх мілых дзетак… Калі выпадкова вам давядзецца быць у нашай Нармандыі і вас не палохае балбатня