ТОП просматриваемых книг сайта:
Падарунак для Адэлі (зборнік). Севярын Квяткоўскі
Читать онлайн.Название Падарунак для Адэлі (зборнік)
Год выпуска 2012
isbn 978-985-562-010-6
Автор произведения Севярын Квяткоўскі
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
У мяне добрая візуальная памяць, ад якой будзе плён, калі ёсьць хоць якая візія. Я запаліў ды ўбачыў валун. Што ж, прысядзем ды вып’ем са срэбнай антыкварнай пляшкі, падоранай сябрамі на мой нядаўні юбілей.
У Адэлі сёньня таксама юбілей. У левай кішэні я трымаю срэбную пляшку, а ў правай – срэбны… Падарунак для Адэлі ляжыць у маёй правай кішэні.
Ці ж мог хто з нас падумаць, што Адэля перабярэцца са сталіцы ў лясную глушэчу? Не, ня надта далёка ад гораду. Але ж Адэля ня водзіць аўто і ня любіць набіткаванага дачнікамі грамадзкага транспарту. Адэля любіць іграць на раялі, гуляць сярод дрэваў, гушкацца на арэлях з кніжкай, піць каву на тэрасе і глядзець на аблокі.
У думках я ўжо там – ля арэляў, тэрасы і раяля, аднак трэба шукаць дарогу. Мабільная сувязь тут, у лесе, чамусьці не працуе, а павінная. Што ж, каўтнем з пляшкі ды рушым сяк-так.
Да знаёмства з Адэляй я ня мог уявіць сабе, што палюблю рамансы. Зрэшты, я і цяпер іх прымаю адно ў Адэльчыным выкананьні. Пра маё захапленьне ёю яна ня ведае. Аднаго дня, у гасьцях, я выпадкова пачуў запіс і закахаўся ў голас. Ня ў тэмбр, а ў… Пачаў хадзіць на імпрэзы, каб хоць раз перахапіць ейны позірк, і аднойчы мне пашанцавала. Дзесьці недалёка ад мясьцін, дзе я цяпер працярэбліваюся празь ядловец, на беразе возера ладзілася Купальле. Я блукаў сярод людзей, нікому не вядомы і нікім не заўважаны. Пасьля выступу Адэлю атачаў натоўп, які насіў яе на руках, лашчыў, цалаваў ручкі… шыйку… губы…гр…
Плясь – партызанскія акопы! Я бразнуўся ў яміну, поўную плястыковак і ржавага жалезьзя. Са сьпіны грымнуў далёкі цягнік. Значыць, трэба ўзяць крыху правей. Дзіўна: ані сьцяжыны, ані супрацьпажарнай траншэі, якая дакладна прывядзе да людзей. Як сюды забраліся спадары турысты выходнага дня, што пакінулі сярод сьмецьця пустыя бляшанкі? Запальнічкай асьвятліў каленку – праз падраную нагавіцу праступіла кроў.
Тады, на пікніку ля возера, я таксама падрапаў нагу, аднак болю нават не заўважыў. «Мурр, а вы чаго сумуеце?» Я ня верыў свайму шчасьцю. Яна да мяне зьвярнулася! Зь якое прычыны зьвярнулася? Вы што, ня верыце ў цуды? Хаця б калядныя? А купальскія?
Мы разам купаліся, мы выпілі на брудэршафт і цэлую ноч…
Хрумсь. Ледзьве пасьпеў адскочыць! Яшчэ імгненьне, і старая высозная сасна ляснула б па маёй хрыбціне. Я скокнуў і разьдзёр шчаку аб сук.
Вып’ем…
…Пасьля той Купальскай ночы я прачнуўся самым шчасьлівым чалавекам у свеце. Ля вогнішча гатавалі каву, налівалі гарэлку, мазалі бутэрброды. Мне падавалася, што я стаў вышэйшы ростам і шырэйшы плячыма. Я імпэтна памахаў Адэлі рукой. Яна ледзьве прыкметна кіўнула і адвярнулася да нейкага ці то паэта, ці то бізнэсоўца… Не, да саліста сталічнай опэры.
Гэта цяпер паспаліты чалавек можа ўбачыць вяршкі грамадзтва адно праз тэлевізар. А тады… тады вяршкі толькі ўзьбіваліся. Саліст накінуў на Адэлю плед ды так і пакінуў руку на ейным плячы. Адэля гучна засьмяялася.
Як яна сьмяялася!.. Наступная наша сустрэча адбылася ўжо праз шмат гадоў – гадоў маіх частых узгадак і трызьненьняў пра Адэлю. На свой сёньняшні юбілей Адэля нікога не запрашала. Я ня ведаў, як быць, але зранку патэлефанаваў колішні саліст опэры: «Пойдзеш?»
І я вырашыў. І вырушыў. І вось я тут. А цяперака тут балота. Дзіўна, ніколі ня думаў, што ў гэтых ваколіцах ёсьць балоты… Стоп. А далей куды? Хмара на хвіліну адкрыла жарую поўню, і я ўбачыў, што стаю акурат пасярод багны. Я патрос пляшку – хопіць на паўгадзіны нясьпешнай гутаркі з самім сабою. Напрыклад, паўспамінаць пра наступную сустрэчу пасьля Купальля.
«А чаго вы не тэлефануеце?» – «Дык…» – «Які на вас сымпатычны касьцюмчык. Ну, хадземце, хадземце, раскажаце». Вялікая кватэра з краявідам на стары горад, камін, пляшка каньяку і кветкі на стале. «Гэты раманс я напісала сёньня, вы будзеце першы, хто яго пачуе». – «Я?!.» – «У бары ёсьць яшчэ адна пляшка». Я верыў і ня верыў. Я… дык я, канечне… вядома, я хуценька… «Ну што ж вы?» Яна паклала сваю руку на маю руку, і мы…
Бульк! Корч пад нагамі пачаў нясьпешна і няўмольна асядаць. Страшна. Я намацаў пляшку і падрыхтаваны падарунак, які назаўжды застанецца пры мне.
– Э, ачкарык, закурыць не найдзёцца?
Мэтраў за дзесяць ад мяне зьявіўся абрыс постаці. Хмара зноў выслабаніла поўню, якая асьвятліла чалавечка неакрэсьленага ўзросту ў кірзачах, гарнітуры, бэйсболцы на галаве і з вудай у руках.
– Ты ня бачыш?
Я па калена засеў быў у багне.
– Высунь левую нагу ў бок таго цьвятка. Так. Другую траха ўпірод, тока бліжэй. Гэна, ціпер трохі павярніся. Ня ў ту сторану. Ага, сюдой. Ціпер прыгай да куста. Дзяржы вудачку… Ну во, ачкарык, а ты баяўся.
Чалавечак паказаў гнілаватыя зубы.
– Што курыш? «Парламент»? Ні фіга сабе! Гарадзкі, што лі?
– Слухай, дзядзьку, як мне выйсьці на дарогу да…
– Ты