ТОП просматриваемых книг сайта:
Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч
Читать онлайн.Название Леаніды не вернуцца да Зямлі
Год выпуска 1962
isbn 978-985-02-1550-5
Автор произведения Уладзімір Караткевіч
Жанр Литература 20 века
Серия Збор твораў
Издательство Электронная книгарня
Маці чамусьці баялася гэтага, настойліва і вельмі непаслядоўна імкнулася загартаваць розум і цела сына. Затое нічога не баяўся бацька. Ён прымушаў Андрэя вучыцца плаваць і бегаць, страляць і скакаць вярхом, і галоўнае – імкнуўся прышчапіць яму свой светлы і вясёлы погляд на жыццё.
З гэтага не атрымалася нічога. Таму што была маці з яе вечнай сур’ёзнасцю, з маўклівай, з глыбокай – аж часта да трагізму – любоўю да жыцця-подзвігу, да казачна прыгожага, да вершаў, ад якіх гордыя слёзы просяцца на вочы, да песняў, пасля якіх чалавек радасна і лёгка пойдзе на смерць.
I пакоі іхнія былі розныя.
У бацькі светлы, з неверагодна багатай зброяй, што вісела на танным і пацёртым, але ўсё яшчэ вясёлкавым дыване.
– Чхай на ўсё нявартае, брат, беражы сілы… Выдаткуй іх толькі на тое, што варта мужчыны… Нікога не бойся… Нікому не давай наступіць табе на нагу, хоць бы ён быў Богам… Пагарджай здабыткам і грашыма.
А ў маці пакой быў заўсёды трошкі замглёны: мо ад штораў, мо ад язміну і бэзу, які яна палка любіла і заўсёды вырошчвала пад сваімі вокнамі. Тут быў зусім іншы пах: хвойнай свежасці, кніг, кветак. Тут былі зусім іншыя гукі: парыпванне маснічын і амаль няўлоўныя гукі фартэпіяна – матухна грала сама сабе, вельмі любіла Грыга і Шапэна, зрэдку Бетховена і Шуберта, якога лічыла музычна цяжкаватым, і,– што зусім ужо было дзіўна, – напаўзабытага Пёрсэла.
I, галоўнае, тут былі зусім іншыя словы, прыгожыя і трывожныя.
– Бацька мае рацыю, не трэба нікога баяцца. Але ў яго гэта неяк неакрэслена, быццам ён не разумее, што да мужнасці трэба ісці праз ахвяры, часта – праз смерць. А дарэмна… I таму атрымоўваецца, што ў яго проста гожая смеласць, а ў маіх дзеда і бабкі была – мужнасць. Адзін не баяўся расстрэлу, другая – Сібіры.
Матуля ўздыхала:
– Зрэшты, табе рана гэта ведаць, хоць ты і развіты хлопчык.
– Раскажы.
– Пра гэта – не. Скажу, калі ты зможаш утрымаць усё ў памяці. А табе раскажу другое, каб ты ведаў, чаго часам бывае варты адзін чалавек… Быў у Чэхіі адзін вучоны. Гэта быў час, калі чэхі пасля шматвяковага нямецкага панавання пачалі абуджацца. Яны захацелі мець сваю культуру, свае кнігі і музыку.
А немцы сказалі ім, што нічога такога ў іх не было, а таму і ў будучыні быць не можа.
– Што, матуля, у іх сапраўды не было?
– Вядома, было. Але за многія стагоддзі ўладары спалілі амаль усе іхнія кнігі. А тыя, што зберагліся, трэба было шукаць. Магчыма, нават гады. А шукаць не было часу. Год ці два вырашалі пытанне аб тым, жыць народу ці не. I гэты вучоны (яго звалі Ганка) пачаў шукаць.
– Знайшоў?
– Ну, вядома, калі чалавек вельмі хоча, – збываецца ўсё: дружба, каханне, рух зняволеных… Так і ён знайшоў спачатку адзін вельмі старажытны рукапіс, а потым і другі. I гэта былі кнігі такой паэтычнай сілы, што ўся Чэхія ажыла духам. Яны адкрылі сваю кнігу, такую паэтычную і такую старажытную. Дзе ім было цяпер слухаць немцаў, якія пераконвалі іх у тым, што чэхі толькі вечныя