ТОП просматриваемых книг сайта:
З дазволу караля і вялікага князя. Леў Казлоў
Читать онлайн.Название З дазволу караля і вялікага князя
Год выпуска 2016
isbn 978-985-7021-95-6
Автор произведения Леў Казлоў
Жанр История
Издательство Электронная книгарня
Ёсць старажытная ўсходняя прымаўка: «Сустракаюцца стогадовыя сяляне, не сустрэнеш стогадовага чыноўніка». Такое, відаць, траплялася і ў нас.
Кароль і вялікі князь Аляксандр Ягайлавіч паехаў на паляванне ў Налібоцкую пушчу і сустрэў там лесніка, якому, як казалі, было ўжо даўно за сто, але выглядаў ён даволі маладжава.
– Ці наведвала цябе калі хвароба? – спытаў старога Аляксандр.
– Не, найяснейшы пане. Хвароба не гасціла ў мяне, бо я не меў чым яе частаваць, – адказаў ляснік.
Пражыў Аляксандр усяго сорак пяць гадоў. Але дынастыя Ягайлавічаў на ім яшчэ не канчалася. Справы ў Кароны і Літвы ішлі больш-менш нармальна, і гэта ставілася ў заслугу чарговаму іх прадстаўніку. А нястомны Час цягнуў за сабою даўжэзны абоз перамен. Сярэднявечча паступова размывалася Рэнесансам. Людзі станавіліся больш дасціпнымі, што не абмінула і каранаваных асоб.
Прыправа да гуманізму
Рэнесанс, Адраджэнне, гуманізм… Гэтыя паняцці добра вядомы і ў нашай гісторыі, іх звычайна звязваюць з часамі панавання апошніх двух Ягайлавічаў – Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста. Але, заўважце, у Італіі ў герцагствах і рэспубліках, якія там існавалі, адраджалася тое, што ўжо некалі было ў старажытных Грэцыі і Рыме. А для іншых краін, напрыклад, пра якія ідзе ў нас гутарка, то, шчыра кажучы, тут адбывалася Нараджэнне. Нараджэнне нечага зусім новага, чаго ў гэтых мясцінах і блізка не назіралася. Але хай сабе будзе Адраджэнне, Залаты век і іншыя карысныя з’явы. Невядома, ці называў сябе «адраджэнцам» альбо «рэнесансістам» наш славуты Францішак Скарына, а што гуманістам ён быў, гэта сумнення не выклікае.
Гуманізм найбольш наглядна праявіўся ў простых людскіх адносінах. Чалавек менш стаў пазіраць на нябёсы, а больш аглядацца вакол сябе. Ён падабрэў і смялей выказваўся адносна свайго калегі, разлічваючы на такую ж дабрату і разуменне. Але галоўнае – акрыяла і паступова распаўсюдзілася пачуццё гумару. Вось тут і адыгралі сваю выдатную ролю выцягнутыя з самых разнастайных, цудам уцалелых крыніц антычныя анекдоты. Аднавіліся класічныя сюжэты з галоўнай дзеючай асобай – чалавекам. Не, не проста безыменным чалавекам, а гістарычнай персонай.
Крыху пазней, мо напрыканцы Залатога веку, у нас з’явіўся, бадай, самы першы збіральнік анекдотаў і розных забаўных гісторый – Беняш Будны. Хаця пра асобу гэтага «калекцыянера» вядома яшчэ не вельмі шмат, але ягоныя «Апафегматы» сталі шырока вядомымі і ў той, і ў больш позні час. Нават апынуліся сярод першых друкаваных грамадзянскім шрыфтам расійскіх кніжак часоў Пятра I, але гэта ўжо потым. У часы ж беларускага Адраджэння «Апафегматы» друкаваліся ў Вільні, у Любчы (непадалёк ад Новагародка) у вядомага друкара Пётры Бластуса Кміты і ў Кракаве.
Аднак вернемся да нашых аўгусцейшых асоб. Колькасць іх павялічваецца. Ды і побач з каралём і вялікім князем усё часцей мільгаюць іншыя прадстаўнікі «вышэйшага свету», якія таксама