Скачать книгу

нібы загіпнатызаваны, хаця ўцёкам нішто не замінае. Ён глядзіць на чалавека ўнізе.

      – Так, так, – кажа чалавек унізе. – Я ўсё ведаю. Ведаю, што вы і падбухторылі ўсіх на пантаміму, і здабылі з яе дзве карысці разам. Вы збіраліся скрасці камяні цішком, але прыйшла навіна ад суўдзельніка: вас ужо падазраюць, і здольны паліцэйскі збіраецца спыніць вас у гэты самы вечар. Звычайны злодзей быў бы ўдзячны за папярэджанне і ўцёк бы. Але вы паэт. Задума схаваць дыяменты сярод бляску маскарадных аздобаў прыйшла першаю. А тады вы ўцямілі, што калі апранецеся Арлекінам, то і з'яўленне палісмена будзе зусім дарэчы. Годны прадстаўнік уладаў выйшаў з паліцэйскага ўчастка ў Путні з намерам вас схапіць і трапіў у найдзівачнейшую пастку ў цэлым свеце. Дзверы адчыніліся – і ён увайшоў проста на сцэну каляднай пантамімы, дзе весялун-Арлекін мог лупцаваць яго, і пхаць, і аглушыць, і ўсыпіць, і ўсё гэта пад грамавы рогат найвялебнейшых людзей у цэлым Путні. Не, лепшага вам і самому не выдумаць. А цяпер, між іншым, можаце і аддаць мне дыяменты.

      Зялёная галіна, на якой гайдалася бліскучая фігура, зашалахцела, нібы ў здзіўленні, а голас працягваў:

      – Я хачу, каб вы іх вярнулі, Фламбо, і хачу, каб вы кінулі такое жыццё. У вас ёсць яшчэ маладосць, і гонар, і гумар. Не марце, што захаваеце іх пры такім рамястве. Чалавеку па сілах больш-менш трымацца на адным узроўні дабра, але ніхто яшчэ не ўтрымаўся на адным узроўні зла. Гэтая дарога вядзе пад ухіл. Лагодны п'е і робіцца жорсткім. Праўдзівы забівае і адгэтуль змушаны хлусіць. Я ведаў шмат людзей, што пачалі, як вы, разбойнікамі з сумленнем, вясёлымі рабаўнікамі багацеяў, а скончылі па горла ў брудзе. Морыс Блум пачынаў перакананым анархістам, бацькам бедакоў, а скончыў гідкім шпіёнам і выказчыкам, якім абодва бакі карысталіся і грэбавалі. Калі Гары Бёрк заснаваў свой рух за вызваленне багацця, ён быў досыць шчыры, а цяпер бясконца цягне грошы на выпіўку са згалелай галоднай сястры. Лорд Эмбер шукаў таварыства беззаконнікаў з пэўнага рыцарства; а цяпер плаціць і плаціць апошнім вылюдкам сярод лонданскіх шантажыстаў. Капітан Барыён быў калісьці знакаміты джэнтльмен-апаш, вы ўжо не чулі аб ім. Ён памёр у вар'ятні, енчачы ад жаху перад шныпарамі і перакупшчыкамі, якія здрадзілі яму й цкавалі яго. Я ведаю, Фламбо, гушчары за вамі выглядаюць такімі вольнымі. Я ведаю, вы можаце ўраз у іх знікнуць, нібы малпа. Але аднойчы вы будзеце старою, сівою малпаю, Фламбо. І вы будзеце сядзець у сваім вольным гушчары, з холадам у сэрцы, са смерцю за плячыма, і на дрэвах вакол не будзе ні лісточка.

      Нічога не зварухнулася. Чалавечак унізе нібыта трымаў таго, у вецці, на доўгім нябачным ланцужку. І ён працягваў:

      – Вы ўжо зрабілі крок пад ухіл. Вы заўжды хваліліся, што не робіце нічога нізкага, а сёння ўчынілі нізасць. Вы пакідаеце падазрэнні на сумленным хлопцу, якога і так многія не любяць. Вы разлучаеце яго з дзяўчынаю, якую ён кахае і якая кахае яго. Але вы зробіце шмат і ніжэйшага, перш чым памерці.

      Тры зіхоткія дыяменты ўпалі з дрэва на дзірван. Маленькі чалавечак нахіліўся іх падняць, а калі зноў

Скачать книгу