Скачать книгу

asis>

      © Леанід Дайнека, 2015

      © Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015

      Вялікі жах прыходзіць толькі ўначы

      I

      Зазваніў, а дакладней, забэкаў тэлефон. Сёння ён падрабляў голас маладога баранчыка, у якога толькі што прарэзаліся рожкі. Гай Дубровіч узяў трубку.

      – Спадар Гай, – прыглушана сказалі на тым канцы, – табе тэлефануе Радзівіл Сіротка. Які ў цябе крывяны ціск і што ты бачыў у апошнім сне?

      Такой была форма вітання на 223 годзе Вялікай Эры Плюралізму – замест «добры дзень», або «добрай раніцы» адразу ж цікавіліся крывяным ціскам і апошнім сном суразмоўніка.

      «Хто такі гэты Радзівіл Сіротка? – напружыў памяць Гай Дубровіч. – З Індаэўрапейскага тэлебачання? З Лігі барацьбы супраць мутантаў? А можа, сусед па 7-й верталётнай пляцоўцы?

      Можна было націснуць зялёную кнопку на слухаўцы і адразу ж убачыць твар таго, хто званіў, але не хацелася гэта рабіць. У жыцці і ў прыродзе амаль не засталося таямніцаў, няхай жа будзе хоць гэта, мікраскапічная.

      Ціск сто дваццаць пяць на восемдзесят чатыры. У апошнім сне бачыў, як цалаваўся са сваёй колішняй аднакласніцай, – прыглушыў голас Гай Дубровіч і азірнуўся – ці няма побач жонкі: – Які ў цябе крывяны ціск і што ты бачыў у апошнім сне?

      Сто пяцьдзесят тры на дзевяноста шэсць, – паныла адказала слухаўка. – А ў сваім апошнім сне я, прабач, спадар Гай, бачыў, прабач зноў, цябе і ў вельмі недарэчнай, вельмі цьмянай сітуацыі.

      «Што ён вярзе? – здзівіўся Гай Дубровіч. – Я яго зусім не ведаю, не магу ўспомніць, што гэта за чалавек, а ён, бачыце, сніць аба мне, тэлефануе мне. Але ж у сны прыходзіць толькі тое, аб чым думаеш, або некалі думаў».

      Тут Гай Дубровіч зноў палахліва азірнуўся, ды жонкі ў пакоі не было. Хоць на 223 годзе Вялікай Эры Плюралізму рэўнасць на Ўсеіндаэўрапейскім рэферэндуме прызнана і зацверджана станоўчай эмоцыяй, з жонкаю на такую тэму лепш не заводзіць гаворку. Жаночы гнеў часам бывае мацней за Ўсеіндаэўрапейскі рэферэндум, жанчыны, як казаў яшчэ бацька Гая Бор Дубровіч, менш плюралістычныя.

      – Дык цьмяна я цябе бачыў, невыразна, але ў даволі рызыкоўнай, даволі небяспечнай сітуацыі, – бубніла між тым тэлефонная трубка.

      Гай Дубровіч аж ціхенька скрыгатнуў зубамі. Адкуль узяўся гэты гаварун, гэты кат-заплечнік? Так добра пачынаўся дзень, і вось недарэчны званок… Маці Гая Пушча Дубровіч некалі казала: «Маўчы, а то язык іголкаю накалю». Узяць бы зараз доўгую вострую іголку, прыпаліць яе на полымі, ды…

      – Што ж ты бачыў аба мне? – амаль крыкнуў Гай.

      – Бачыў, што на рагу Зялёнай і Сіняй вуліц цябе, спадар Гай, пераехаў электрамабіль. І ты разваліўся, прабач, на тры часткі. У цябе чамусьці была не чырвоная, а жоўтая кроў. Жоўтая, як кветка лотаці, што расце ў Апошнім Балоце. Ты яшчэ паспеў войкнуць, і ўсё…

      – Чаму ж я разваліўся менавіта на тры часткі? – толькі і прамовіў агаломшаны Гай Дубровіч.

      – А гэтак цябе пераехалі. Вось я і пазваніў табе, каб, як ісцінны грамадзянін Індаэўрапейскай Канфедэрацыі, папярэдзіць: тыдзень не выходзь з дому, не пачынай новых спраў, не пі віно і снежную ваду з памірскіх ледавікоў. Адным словам, асцерагайся. Ты ж ведаеш, што пасля такога Сну (Радзівіл Сіротка зрабіў націск на слове «такога», і тэлефон паўтарыў гэта слова двойчы) можа, калі не асцерагацца, прыйсці Вялікі Жах. А Вялікі Жах прыходзіць уначы.

      Выгукнуўшы: «Жывуць Сонца і Кісларод!» (так, па традыцыі, заканчвалі свае прамовы людзі Вялікай Эры Плюралізму), Радзівіл паклаў трубку. А Гай Дубровіч застыў у глыбокім одуме. Зрабілася так тужліва, так няўтульна на душы, хоць у мяшок завяжыся. Ён узняўся з крэсла, падышоў да хатняй электроннай энцыклапедыі, якая мясцілася на ярка-чырвонай насценнай панелі. Адшукаў кнопку з надпісам «эмоцыі», націснуў. Адразу на панелі ўспыхнуў невялікі срабрысты экран, ланцужком пабеглі словы «радасць», «гнеў», «здзіўленне», «гордасць», «крыўда»… На слове «жах» ланцужок спыніўся. Гай Дубровіч ціскануў кнопку два разы, і экран перарэзаў чорны надпіс «вялікі жах». Потым ён размыўся, экран зрабіўся зялёным – энцыклапедыя пачала тлумачыць слова «жах». У адно імгненне перад прыціхлым Гаем Дубровічам пранесліся аскаленыя чарапы, агідныя, шэрыя ад часу шкілеты, гіганцкія шматлапыя павукі з вогненна-чырвонымі вачыма, падзямеллі-катавальні, дзе на плячах і галовах вязняў густа варушыліся, мярзотна пішчалі тлустыя пацукі. Гай аж уздрыгнуў, а на экране ўжо быў эшафот, зрублены са смольных сасновых дошак, стаяла плаха з уваткнутай у яе сякераю. Жоўтатвары змардаваны чалавек у чорным балахоне горбіўся каля яе на каленях, а кат чытаў яму каралеўскі ўказ. Словы, як пякучыя іголкі, лезлі ў вушы: «Паколькі вы, сэр Рэлі, прызнаны вінаватым у кашчуннай здрадзе нашаму каралю Якаву Першаму, вас даставяць назад у турму, дзе вы будзеце знаходзіцца да дня пакарання. Адтуль вас павязуць у павозцы па вуліцы да месца страты, дзе павесяць, але яшчэ жывога дастануць з пятлі, аголяць цела, вырвуць сэрца, кішкі, палавыя органы і спаляць іх на агні на вашых вачах. Затым вашу галаву аддзеляць ад цела, якое расчленяць на чатыры часткі, каб прынесці задавальненне каралю. Ды

Скачать книгу