Скачать книгу

зімовага сонцастаяння Каляда прыбаўляла дні, і, хоць яшчэ трывалі лютыя маразы, пачыналася новае гадавое кола. Свята ў гонар Каляды было ці не самае вясёлае. Яго абрады дажылі ў Полацку да XIX стагоддзя. Па дварах і хатах хадзілі з песнямі калядоўшчыкі. Іх падхмеленая гаманкая грамада вадзіла з сабою «бусла», «мядзведзя» і галоўную дзейную асобу – «казу» або «казла» ў вывернутым кажусе, з рагамі і барадою-вяхоткай. Апошнімі гадамі такую каларытную сябрыну зноў можна сустрэць у калядныя дні на полацкіх ды наваполацкіх вуліцах. Каза ў продкаў увасабляла сонца, што памірала і ўваскрасала, пасылаючы зямлі ў новым годзе жыццядайную сілу і новы ўраджай. Таму калядны гурт і пяе:

      Дзе каза хвастом,

      Там жыта кустом.

      Дзе каза рогам,

      Там жыта стогам.

      Другая палова Калядаў (з 1 да 6 студзеня) называлася Вялесавымі днямі. Лічылася, што ў гэты час чалавек лягчэй, чым калі-небудзь яшчэ, можа ператварыцца ў ваўка.

      Вясновым святам гукання добрых духаў якія ажыўлялі зямлю пасля зімовага сну-нябыту, быў Вялікдзень, што пазней зліўся ў хрысціян са святым днём Хрыстовага ўваскрэсення. Паганскі каляндар меў святы маладых усходаў пачатку і заканчэння жніва.

      У крывічоў захоўваліся старажытныя абрады, што ўзніклі ў часы татэмізму, калі кожны род выводзіў сваю гісторыю ад нейкага звера або птушкі. Адно такое свята, звязанае з шанаваннем мядзведзя, – камаедзіца – было вядомае ў полацкім наваколлі яшчэ ў XIX стагоддзі. Яго спраўлялі ў сакавіку, калі лясны гаспадар прачынаўся і выходзіў з бярлогі. На камаедзіцу гатавалі стравы, якія нібыта любіў спадар мядзведзь: камы з гарохавай мукі і аўсяны кісель – жур. Пасля святочнага полудня сяляне клаліся на палаткі і, пераймаючы касалапага «продка», пераварочваліся з боку на бок, просячы спрыяння і абароны. У гонар мядзведзя наладжвалі скокі ў вывернутых кажухах.

      На самым пачатку чэрвеня святкавалі Ярылаў дзень. Ад раніцы прыбіралі стужкамі маладую бярэзінку, аздаблялі жытло маем. Потым выбіралі найпрыгажэйшую дзяўчыну, апраналі яе ў белыя строі, садзілі на каня і вазілі па паселішчы, спяваючы і водзячы вакол карагоды, што выконвалі ў паганцаў прыкладна такую ж ролю, як хросны ход у хрысціянаў На Ярылаву ноч прыпадала свята кахання, пра якое хрысціянскія аўтары пазней пісалі: «Отрокам осквернение, девам растление».

      Ярыла «полю жыта радзіў людзям дзеці пладзіў». Ён меў схільнасць да жанчын і хмельных напояў. Яму мы абавязаныя такімі адметнымі беларускімі слоўцамі, як ярына, ярун, ярыцца. Хрысціянскім пераемнікам Ярылы стаўся святы Юры. Юр’е – адно з найбольш шанаваных сялянамі на Полаччыне і наогул у Беларусі святаў У гэты дзень упершыню пасля зімы выганялі на пашу скаціну, а гаспадар выпраўляўся аглядаць свае палеткі. Кожны з нас мае магчымасць самастойна спраўдзіць, ці насамрэч у гэты дзень пачынае куваць зязюля, а таксама праверыць мноства звязаных з Юр’ем народных прыкмет.

      Ад Ярылы зусім мала заставалася да Купалы. Гэтае свята супадала з летнім сонцастаяннем;

Скачать книгу