Скачать книгу

уладароў магутную галіну. Апрача дачкі, дзякуючы якой у жылах візантыйскіх імператараў бегла крывіцкая кроў, ён меў шасцёра сыноў: Барыса-Рагвалода, Давыда, Глеба, Рамана, Святаслава-Георгія і Расціслава.

      Адзінай моцнай рукі ў крывічоў ужо не было. Менск, Віцебск, Друцк, Лагойск робяцца сталіцамі ўдзельных княстваў, дзе кіруюць Усяславічы. Той, хто лічыць драбленне старажытнабеларускае дзяржавы праяваю яе слабасці, памыляецца. Падзел на асобныя княствы быў гістарычна непазбежны. Першаю на ўсходзе Еўропы на гэты шлях ступіла Полацкая зямля, што сведчыць пра больш высокую прыступку яе гістарычнага поступу.

      Удзельныя княствы далі новы ўсплёск эканамічнага і духоўнага жыцця. Разам з тым падзел Полацкай зямлі зусім не азначаў страты ёю адзінства. У знешняй палітыцы Усяславічы выступалі заадно, хоць у «сямейных» справах іх інтарэсы нярэдка сутыкаліся, і тады брат падымаў меч на брата.

      На пасад у Полацку пасля бацькавае смерці сеў старэйшы Чарадзееў сын Барыс-Рагвалод. Падвойныя імёны – тагачасная полацкая традыцыя: адно было спрадвечна славянскае, другое, пераважна грэцкае, давалі пасля хрышчэння.

      Названы ў гонар легендарнага Рагвалода полацкі князь у 1102 годзе зрабіў паход на балцкае племя яцвягаў і, перамогшы іх, пабудаваў горад Барысаў.

      Пра князя Барыса Усяславіча нагадвае сённяшнім палачанам і турыстам чырванаваты гранітны валун побач з Сафійскім саборам. Паабапал шасціканцовага крыжа можна разабраць высечаныя словы: «ХС. Ника. Ги(Госпадзі) помози рабю своему Борісу». Гэты каштоўны помнік эпіграфікі (навукі, што даследуе старажытныя надпісы) – звыклая частка краявіду Верхняга замка. Не ўсе ўжо і памятаюць, што з’явіўся ён тут усяго нейкіх пару дзесяткаў гадоў таму, а датуль амаль дзевяць стагоддзяў ляжаў за пяць вёрст ад горада ўніз па Дзвіне. У вясновую паводку камень хаваўся глыбока пад вадою, у сухое лета да яго падыходзілі, падкасаўшы порткі.

      Жыхары Падкасцельцаў ды іншых вёсак, якія пакрысе паглынуў Наваполацк, называлі валун Барысам Хлебнікам і сцвярджалі, што дасвеццем на ім ляжыць бохан свежага хлеба. Такія аповеды аднойчы натхнілі нас, полацкіх хлапчукоў на начную экспедыцыю. Самае неверагоднае, што ў ранішнім тумане мы сапраўды ўбачылі на Барысе хлебны бохан. Трэба прызнаць, што ён нічым не розніўся з крамным, але таямніца яго з’яўлення так і засталася неразгаданая.

      Сямідзесяцітонны камень выцягвалі на бераг і перавозілі з дапамогаю японскай тэхнікі. Некалькі газет адгукнуліся на падзею байкамі пра тое, што, не жадаючы аддаць гарадскую славутасць на ганьбаванне ордам хана Батыя, палачане ў свой час вырашылі ўтапіць Барысаў камень у Дзвіне. Як пасля гэтага продкі без усякай замежнай тэхнікі адвалаклі махіну яшчэ на пяць вёрст, «гісторыкі» маўчалі. Няўцям ім было і тое, што ніякія Батыевы орды пад Полацк ніколі не прыходзілі, як не было ў Беларусі і татара-мангольскага прыгнёту.

      Полацкі Барысаў камень – не адзіны. Некалькі валуноў з пісьмёнамі захаваліся ў розных месцах былога Полацкага княства. У мінулым стагоддзі іх было блізу дзесятка,

Скачать книгу