Скачать книгу

дзяўчатам незразумела за што. Абмежаваныя, тупыя, падонкападобныя, яны пагарджалі любой праявай цікаўнасці да мастацтва і творчасці ў цэлым, ні ў што не ставілі дзяўчат, але, калі трэба, заступаліся за іх і біліся люта і адчайна. Можа, за апошняе іх і шанавалі? Можа, у гэтым прычына? Жанчына выбірае таго, за кім, як за мурам? Коля ніколі не біўся, нікому не адказваў ударам на ўдар калі білі; калі шанцавала, уцякаў, але чытаў кніжкі пра смелых і высакародных людзей, захапляўся мушкецёрамі. Ды адна справа захапляцца мушкецёрамі, іншая – стаць імі. Пінокіа бракавала пораху змяніцца, пасмялець. Страх, які пасяліўся ў падсвядомасці яшчэ з дзяцінства, што ты нашмат слабейшы за тых, хто цябе крыўдзіць, знішчаў у зародку спробы выкараскацца з яго логава. Нібы цвікамі, пазабіваў усе выхады. Яму вельмі карцела быць моцным і адважным, каб Даша звярнула на яго ўвагу, хаця б усміхнулася ці кіўнула, калі Коля з ёй вітаўся. Ён сам не разумеў, як так выйшла, што яго нага раптам апынулася на шляху Хвалея і той спатыкнуўся. Чым, несумнеўна, дапамог Дашы. Чаму Хвалей наогул уз'еўся на Белую? Не за эмаўскі ж прыкід. Тут штосьці больш сур'ёзнае. Зрэшты, Хвалей да ўсіх чапляўся, сцвярджаў так званы аўтарытэт. Хто мацнейшы, той і правіць балем, як той казаў. Аднак толькі слабыя духам крыўдзяць дзяўчат.

      А Даша з Таняй спалі, як у сябе дома. Таня ў сне ўткнулася носікам у Дашыну шыю. Яны ляжалі тварам адна да адной, нават неяк прыабняўшыся, нібы родныя.

      Так, мара спраўдзілася. Дзяўчаты ў яго. А Пінокіа не ведаў, што з імі рабіць і як сябе паводзіць. Таму яны і спалі. Упэўненыя, што ён не патурбуе іх, а значыць, не ўспрымалі яго ўсур'ёз. Ім нават неўздагад, што адна з іх падабалася яму. Аднак што з гэтым рабіць Коля і сам не разумеў. Сядзеў на зэдліку каля ложка і глядзеў на дзяўчат, уяўляў, што ім можа сніцца ці хто. Так і праседзеў да чатырох гадзін дня, як верны сабака, які ахоўвае сон гаспадыні.

      Першай расплюшчыла вочы Таня.

      – Блін, колькі часу? – адразу запытала.

      Пінокіа адказаў.

      – Ты тут гэта… не сваволіў? – пералезла праз Дашу, звесіла з ложка ногі, зазіраючы ў Коліны вочы.

      – Блін, Паўлоўская, па нагах, як па бульвары, – прабурчала Даша, прачынаючыся.

      – Харэ дрыхнуць, – ускубнула тую Таня, – праспім усё на свеце.

      – Затое выспаліся, – адгукнулася Даша, калі пачула, якая гадзіна. – А ты куды? – спытала сяброўку, бачачы, што тая збіраецца сыходзіць.

      – Гэта вам добра, вольным людзям, – адказала Таня. – А ў мяне рэпетыцыя а пятай.

      – Можа, перакусіш? – прапанаваў Пінокіа.

      – Не, дзякуй, – адмовілася Таня, неяк паважліва зірнуўшы на аднакласніка, не так, як на цямцю-лямцю, ці Коле гэта падалося? – Мяне Мікалай Міхайлавіч пачастуе бутэрбродамі пасля рэпетыцыі. Пакуль нельга.

      – Ён табе бутэрброды носіць? – здзівілася Даша.

      – Не мне, – адказала Таня. – Застаецца ў яго проста з абеду. І, калі я галодная, ніколі не адмаўляюся. Тым больш што бутэрброды смачныя. Добра, усё, пакуль, чао. Заўтра ўбачымся. Коля, праводзь…

      – Пакуль, – памахала рукой Даша.

      Пінокіа

Скачать книгу