ТОП просматриваемых книг сайта:
Планета ў падарунак. Людмила Рублевская
Читать онлайн.Название Планета ў падарунак
Год выпуска 2024
isbn 978-985-19-7683-2
Автор произведения Людмила Рублевская
Серия Сучасная беларуская лiтаратура
Издательство Аверсэв
– Вучоных людзей паважаю, – сказаў. – Сюды многія даўно ўжо прыязджаюць. Я не далей як учора гісторыку аднаму расказваў і вам раскажу. Калісьці ад старых людзей сам чуў. Вунь, – паказаў на рэшткі замка, – разваліны, заняпад. А пачалося здавён. Князь Сапега тут гаспадарыў, ягоны палац быў. Дык, значыцца, будавалі гэты мур, ужо ледзь не да канца дайшлі, а князь тэрмін пэўны вызначыў. І тут раптам сцяна адна пачала бурыцца. Абвальваецца, рады ніхто не можа даць, як ні стараюцца муляры ды тынкоўшчыкі. Але вось старац нейкі аб’явіўся дый кажа таму майстравому люду: «Мне знаменне было… Сцяна будзе абвальвацца, пакуль ахвяры не атрымае». І патлумачыў, што трэба некага забіць, і найлепш жанчыну, ды і ўмураваць яе пад сцяну. Задумаліся майстры і вырашылі, што іншага выйсця няма, хай будзе так, як падказаў старац, калі ўжо знаменне было. І пачалі ламаць галаву, хто ж гэта можа быць, якая жанчына? Няпроста божаму чалавеку ўзяць на сябе такі грэх. І зноў падказаў той старац: маўляў, чыя жонка першая прынясе заўтра полудзень, тую і заб’яце. І вось назаўтра прыходзіць тая першая, маладзенькая ды прыгожая, жонка самага маладога муляра… Ат, што адбылося далей, і расказваць не хочацца. Адным словам, яе і ўмуравалі. Сцяну залагодзілі, толькі ж не было вялікага шчасця ў гэтым муры нікому. Ды і сам род Сапегаў звёўся. – І ўжо праз паўзу дзядзька звярнуўся да мяне: – Бачу, не да душы вам прыйшлося маё паданне.
– Якое ўжо ёсць, – адказаў я яму.
На тым і разышліся. Пастух пайшоў да свайго статка, але, відаць, ягоны расповед надта ўразіў Пракопчыка, таму што той раптам прапанаваў:
– А што, Нічыпаравіч, можа, пройдземся да замка?
– Не, – кажу, – Косця, гэты шпацыр давай адкладзём на заўтра. Бяры сваю фанеру, каб выпадковых людзей не палохала, і вяртайся дамоў, а я трошкі тут адзін пабуду. Даўно не быў на прыродзе. Берагам Гальшанкі прайдуся, думкі да ладу прывяду.
І Пракопчык пагадзіўся. Ён у адзін бок пайшоў, я – у другі. І тут такая стома ўзяла мяне, ну проста з ног валюся. Бачу валун наперадзе, дай, думаю, прысяду, а там ужо і да берага Гальшанкі павярну. Сеў. Штосьці хруснула пад нагою, нахіліўся, пачаў расхінаць траву… Ці паверыце, калі падняў позірк, стала не па сабе. Прыцемак ужо бярэцца, падумалася, а толькі ж во спякота была, сонца ледзь за поўдзень перавальвала.
– Відаць, добра задрамаў ты, прафесар, на тым валуне, – нязвыкла нервова рагатнуў дацэнт Кумковіч.
– Во-во… І я так спачатку быў падумаў, – заківаў Пінчук. – Але сну ў мяне не было ні на момант. Падымаюся з валуна, гляджу туды-сюды… Недалёка статак павінен быць, бо як ішоў да валуна, дзядзьку Антона бачыў. І раптам – нічога! Шэрасць суцэльная, ды такая вязкая, густая. І не цёмна як быццам, а воку няма за што зачапіцца. Наваколле як правалілася ў гэтую шэрасць, усё роўна бы свет белы схаваўся ў ёй. Толькі туман ад Гальшанкі клубамі плыве, па зямлі сцелецца…