Скачать книгу

пажар! – сказаў я. – І мы задыхнемся, разумееш?»

      Усе трое мы вываліліся з шафы на падлогу, як падушкі. І пачулі, як за сьцяной нехта ходзіць. Я рвануў на сябе дзьверы пакоя і замкнуў іх на ключ.

      «Юля! Анцік! Уцякаем!»

      «Куды?»

      Гэта быў адзіны пакой у нашай кватэры, які замыкаўся. Я некалькі разоў пытаўся ў мамы з татам, чаму менавіта іх спальня мусіць мець замок з ключом, але так і не дабіўся ўцямнага адказу. Але цяпер замок мог даць нам час, каб нешта прыдумаць.

      У пакоі так моцна засьмярдзела дымам, што ў мяне з вачэй паліліся сьлёзы.

      «У акно! – крыкнула Юля, заплаканая, быццам толькі што ўшчэнт прайгралася ў уна. – Гэта адзіны шлях!»

      Я ўзьляцеў на стол, як птушка, без разьбегу. Бачыў бы мяне наш настаўнік фізкультуры! Я разнасьцежыў акно і з асалодай удыхнуў халоднае паветра. Зірнуў уніз і адчуў здрадніцкае трымценьне недзе ў жываце і ў пятках.

      Высока, занадта высока! А Юля ўжо зьбірала з ложка падушкі, сьцягвала з раскладушкі ўсё, што там ляжала.

      «Што стаіце? Цягніце? Футра з шафы, матрас, усё!»

      Мы з Анцікам стаялі, як здранцьвелыя, і глядзелі на тое, як спрытна яна рухаецца. Нібы ў яе было дзесяць рук і восем ног. Што ні кажы, а ў жанчын нейкі прыродны талент упраўляцца з такімі рэчамі.

      «Кідайце ўсё ў акно! – скамандавала Юля. – Ну!»

      Мы сталі дапамагаць ёй, натыкаючыся ў цемры адзін на аднаго.

      «А зараз скачам проста ўніз! – сказала Юля. – Я першая, вы за мной!»

      І яна глыбока ўдыхнула і скочыла проста ў дождж.

      «Я баюся!» – закрычаў Анцік, не выпускаючы з рук пакет з цукеркамі.

      «І я», – прашаптаў я, схапіў яго за плечы і падштурхнуў да краю падваконьня. Гэтаксама некалі ў школе штурхалі мяне, калі мы скакалі з вышкі ў басэйне.

      «Давай, Анцік!»

      Ён азірнуўся, пасьлізнуўся на мокрым падваконьні і ўпаў у цемнату.

      «Усё ў парадку, я яго злавіла ў футра», – пачуў я Юлін голас.

      Я азірнуўся на спальню маіх бацькоў. Дым насоўваўся на мяне, але я ўжо не задыхаўся. Вогкае восеньскае паветра напаўняла мае лёгкія, нібы ветразі. А дзьверы спальні ўжо дрыжалі ад удараў – я бачыў, як скаланаецца ключ у замку. Я павярнуўся тварам да вуліцы. Ліхтар сьвяціў гэтаксама, як раней, быццам за апошнія паўгадзіны нічога не адбылося – цьмяна, загадкава і па-свойму прыцягальна. Нібы клікаў мяне, нібы падміргваў. Нібы дражніўся: ты ня зможаш, ты ня зможаш. Хіба табе не цікава, хто палюе на цябе ў тваёй уласнай кватэры? Хіба ты ня хочаш паглядзець ім у вочы? Хіба ня хочаш даведацца, як выглядаюць ПАЧВАРЫ?

      Юля і Анцік бегалі ўнізе і махалі рукамі.

      Я заплюшчыў вочы.

      І скочыў.

      Мне здавалася, я буду ляцець уніз вечна.

      Але не прайшло і сэкунды, як я бухнуўся на цэлую гару падушак і коўдраў. Праўда, у калене нешта шчоўкнула, але я адразу ж ускочыў на ногі.

      «Бяжым!» – крыкнула Юля і кінулася праз пустую вуліцу. Мы за ёй.

      «Асьцярожна, там аўтобус!» – залямантаваў я.

      Ён і праўда паволі выехаў з-за павароту,

Скачать книгу