Скачать книгу

спальні. Але адтуль не пачулася ані гуку. Нібы Кабінет Кабінетавіч заснуў проста падчас працы.

      «Адчыняй», – шапнула мне Юля. Трапяткое сьвятло сьвечкі скакала па яе твары.

      «Неяк няёмка», – сказаў я.

      «Тады я сама адчыню», – рашуча сказала Юля і прачыніла дзьверы. Яна выставіла наперад руку са сьвечкай і зазірнула ў пакой, а за ёй і мы прасунулі галовы. Я на хаду прыдумляў, што скажу Кабінету Кабінетавічу – што мы не хацелі, што гэта ня пробкі, а падстанцыя, што я ўжо ўсё праверыў, і што такое ў нас часам бывае. Буду паводзіцца, як дарослы. Няхай Кабінет зразумее, што мама казала пра мяне праўду.

      На стале, побач з ложкам маіх бацькоў, ярка сьвяціўся экран ноўтбука. Крэсла стаяла на сваім звычным месцы. Праз адчыненую фортку тхнула сьвежым сырым паветрам. Шумеў дождж, і недзе паблізу ў цемры рыпела старое дрэва. За акном, на вуліцы, каля аўтобуснага прыпынку, гарэў адзінокі ліхтар.

      Але ніякага Кабінета Кабінетавіча ў пакоі не было.

      Разьдзел другі

      «Ён што, праз фортку ўцёк?» – недаверліва сказала Юля.

      Агаломшаныя, мы стаялі і азіраліся па баках.

      «Я адразу падумаў, што ён няпросты дзядзечка», – сказаў Анцік.

      «Просты, няпросты, але нельга ж так, – абурыўся я. – Дарослы чалавек, а паводзіцца, як дзіця. Дзе ён падзеўся?»

      «Адзін Божанька ведае», – сказала Юля і чхнула, а потым выцерла пальцы аб покрыва на ложку. Думала, ніхто ня бачыць. Але мае вочы пачыналі ўжо паціху звыкацца зь цемрай, дый няяркае сьвятло ноўтбука дазваляла сёе-тое разглядзець. Напрыклад, раскладушку, якую бацькі паставілі каля сьцяны, а на ёй – бялізну і гару падушак. Пэўне, для Кабінетыча, калі той напрацуецца.

      У бацькоўскай спальні я апошнім часам бываў рэдка, мне нельга было заходзіць сюды без дазволу. А цяпер, у цемры, гэты пакой наогул падаваўся мне нейкім незнаёмым. Я глядзеў на камоду ў куце і ня мог зразумець: яна тут заўсёды стаяла ці яны яе купілі, калі я ўжо вырас. Купілі і нічога мне не сказалі?

      «Ну загадка!» – гучна сказаў Анцік, махнуўшы рукой, і ягоная сьвечка імгненна згасла. У пакоі адразу зрабілася яшчэ цямней – і мы неўпрыкмет прысунуліся бліжэй адно да аднога.

      «Малайчына, – сказала Юля. – Хто ж дыхае на сьвечку ў такой цемнаце? Мог бы і памаўчаць, калі ня можаш сказаць штосьці разумнае».

      Анцік гучна засоп, ён заўсёды так рабіў, калі пачуваўся пакрыўджаным і думаў, што б такога сказаць у адказ. Але цяпер нам было не да Анціка.

      «Кабіне-етаві-іч!» – ціхенька паклікала Юля, узіраючыся ў цямрэчу калідора, і мы павярнуліся ўсьлед за ёй туды, але ніхто не адгукнуўся.

      «Так ён цябе і пачуў», – помсьліва прамовіў Анцік.

      І тут зусім блізка ад нас раптам нешта рыпнула. Нібы хтосьці хаваўся проста за адчыненымі дзьвярыма і толькі й чакаў, што мы яго паклічам. Мы скалануліся ад жаху. Нехта ззаду зьнянацку дакрануўся да маёй шыі – лёгка, халоднымі пальцамі… Я адчуў, як маё сэрца падскочыла, як мяч.

      Фух. Фіранка. Вецер з адчыненай форткі ўзьняў яе край і кінуў у мой бок. Фіранка павольна

Скачать книгу