ТОП просматриваемых книг сайта:
Бог кахання Марс. Сяргей Балахонаў
Читать онлайн.Название Бог кахання Марс
Год выпуска 2020
isbn 978-985-7210-51-0
Автор произведения Сяргей Балахонаў
Жанр Любовно-фантастические романы
Издательство ЭК
– Я не ведаю. Я ўжо нічога не ведаю, – праз усхліпы казала Гваздовіч. – Гэта быццам нейкае насланнё…
– Можа, там проста быў нехта падобны да яго, – вельмі няўпэўнена дапусціў Марку.
– Ці, можа, аўтобус увогуле пустым ехаў, а мне ўсё толькі прытрызнілася, – множыла жанчына сваю роспач, баючыся сарвацца.
Каб залішне не мардаваць псіхіку выбудоўваннем здагадак, вырашылі неадкладна зазірнуць на старонку Руткоўскага. Марку дастаў смартфон і, падключыўшыся да сеціва, перадаў жонцы. Сувязь была няўстойлівай. Старонка, дадаючы лішняга нервашалу, грузілася павольна, быццам грузчыкамі нанялася арцель чарапах, у кожнай з якіх быў уласны від абсесіўна-кампульсіўнага разладу, што не дазваляў ім працаваць згуртавана.
На профільнай выяве (дзякуй чарапашкам за працу!) Ягор красаваўся ў атачэнні трох пекных дзяўчат – студэнтак ці аспірантак. «Ну, хто б сумняваўся! Каб Руткоўскі – і не ў кампаніі гладзенькіх баб!» – саркастычна заўважыла Марына і перавяла позірк на словы статуснага запісу.
– «Нікуды не дзенемся – мы яшчэ сустрэнемся», – прачытала яна ўголас па-беларуску, а потым пераклала на англійскую.
– Паскуда. Я заб’ю яго, – шыпеў Марку, сціскаючы кулакі. – Вось як яго ігнараваць? Як тут станеш абыякавай скалой, калі ён такія выбрыкі сабе дазваляе?
– Чакай. Гэта яшчэ нічога не значыць. Проста дражніць. Трэба зірнуць, што там далей.
Яна стала праглядаць стужку. Стужка пачыналася замацаваным запісам. У ім быў скан старонкі з часопіса 1930-х гадоў: усмешлівая дзяўчына ў хустцы і скураной куртцы сядзела за рулём матацыклета, а рэдакцыйны подпіс тлумачыў: «На гвоздильную фабрику теперь с ветерком». Пад сканам вісела аўдыё песні з савецкага фільма пра мушкецёраў. Песня называлася «Канстанцыя». Марына войкнула, і мора ў яе вачах паўтарылася. Не разумеючы вяртання жончыных слёз, Марку моўчкі прыхінуў яе і, забіраючы смартфон, незнарок пракруціў стужку да больш ранніх запісаў, зачапіўшы кнопку прайгравання аўдыё. Абсалютна неспадзявана з дынаміка на максімальнай гучнасці стрэліў надрыўны голас Руткоўскага: «У казках Авідыя…».
– Выключы гэта! Прашу! Выключы! Выключы хутчэй! Калі ласка, любы мой! – усхадзілася Марына, нібыта яе рэзалі.
– Зараз, зараз… – мармытаў Марку, не ведаючы, за што хапацца найперш.
Жонка не сунімалася. Песня не выключалася. У нейкі момант Марына заскуголіла, вырвала смартфон і ледзьве не шпурнула яго прэч. Муж учасна ўтрымаў яе руку. Ні ў чым не вінаваты апарацік здзейсніў даволі мяккую пасадку ім пад ногі ў жвір. Песня акурат скончылася. Марку шаптаў суцяшальныя