ТОП просматриваемых книг сайта:
Бог кахання Марс. Сяргей Балахонаў
Читать онлайн.Название Бог кахання Марс
Год выпуска 2020
isbn 978-985-7210-51-0
Автор произведения Сяргей Балахонаў
Жанр Любовно-фантастические романы
Издательство ЭК
– А чаму вы сталі археолагам? – пераняла эстафету жанчына.
– У мяне менш драматычна, – з усмешкай папярэдзіў ён.
– Дайце паспрабую адгадаць, – не зводзячы з яго вачэй, папрасіла суразмоўніца. – Можа, у дзяцінстве корпаліся ў гародчыку і знайшлі старажытную манету ці нават рыцарскія даспехі?
– У гародчыку я звычайна выкопваў толькі бульбу, – стэрэатыпна пажартаваў беларус. – Ніякія старажытнасці, апроч леташніх гнілякоў, мне там не трапляліся.
– Дык што ж тады паўплывала на выбар?
– Прыйшоў я ва ўніверсітэт дакументы падаваць. Зайшоў у прыёмную камісію і спытаў, на які факультэт паступае больш за ўсё прыгожых дзяўчат. Мне сказалі, што прыгожых дзяўчат хапае на розных факультэтах, але чамусьці прапанавалі філалагічны. Маўляў, буду там сярод красунь, як кот каля смятаны. Але з мовамі ў мяне на той час было горш чым пасрэдна. Таму, пакруціўшы розныя варыянты, давялося абраць гістарычны факультэт. Пагатоў, акурат тады падаваць дакументы на гістфак прыйшла дзяўчына неверагоднай прыгажосці. Гэты збег абставін і вызначыў мой выбар. Толькі не пішыце пра гэта нідзе.
– Мне здаецца, што ў вашым аповедзе праўда і выдумка вагаюцца ў суадносінах сорак на шэсцьдзясят. Так?
Мужчына глядзеў на яе смяшлівыя іскрынкі ў вачах і баяўся, што не вытрымае. І лёгкасць гутаркі, і атмасфера прыемна ўзрушвалі яго. Але ад усведамлення гэтае прыемнасці мурашкі забегалі па скуры і зрабілася страшна. Страшна паддацца спакусе. Страшна зрабіць недакладны крок. Страшна выйсці на тое, што завецца закаханасцю.
– Ваша праўда, – насуперак усяму згадзіўся ён. – Гісторыя майго паступлення – нібы міф. Шмат фантастычных рыс. Але ёсць і праўда. Калі сцісла, то я сапраўды паступіў на гістфак праз дзяўчыну.
– Цудоўна. Але ж гэта яўна не тая, на якую я вам сёння кіўнула? Сённяшняя значна маладзейшая. І вось яна зводзіць з глузду выдатнага беларускага археолага і адметнага спевака. Не хочаце паразмаўляць са спецыялісткай у псіхалогіі пра сваё няшчаснае каханне?
Вострым бусаком пытанне зачапіла Ягора. Але ён ізноў не паказаў выгляду, канвертуючы пачутае ў жартачкі.
– Ды якое няшчаснае каханне! – падключаючы лёгкую артылерыю сваёй абаяльнасці, сцішана выгукнуў ён. – У мяне ўсё добра. У Гомелі жонка і палюбоўніца чакаюць.
– Галоўнае не паблытаць, хто з іх хто, – не даўшы веры яго словам, пакеплівала Іванкавіч.
Яны засмяяліся. Засмяяліся, як старыя добрыя сябры. Гэты смех нават здолеў на нейкі час утаймаваць хісткі ўнутраны страх Руткоўскага.
– На ваш погляд, якая псіхалагічная праблема найбольш уласцівая беларусам? – перапыніўшы смех, раптоўна змяніла тэму жанчына. –