Скачать книгу

дый забудзе, і ўсё ў яе наладзіцца з Зімоўскім, які, дарэчы, вельмі кахаў жонку.

      Бацькава цётка Груня была малодшай з дванаццаці дзяцей, якіх жыццё, калі тыя выраслі, разнесла, быццам пасеяла, па розных кутах былого Савецкага Саюза. Яна ж бацьку, лічы, і выняньчыла, бо дзед Іван з бабай Марусяй крыху пабылі ў Вёсцы пасля Карэлафінску і неўзабаве зноў туды з’ехалі. Пасля заканчэння школы цётка Груня з сястрой-пагодкай Соняй паступілі ў Мінскае медвучылішча. Маючы на дваіх адны туфлі і адну святочную сукенку, на танцы ў Дом культуры хадзілі па чарзе. Соня знайшла там сабе баяніста Толіка і засталася ў Мінску, працавала доўгі час медсястрой у дзіцячай паліклініцы на Сонечнай і здавала кроў на патрэбу людзям, за што атрымала званне Ганаровага Донара БССР. У Груню закахаўся салдат-срочнік з вайсковай часці, што размяшчалася ў Райцэнтры. Пазнаёміліся ж яны ў Вёсцы, падчас вайсковых вучэнняў. Праз Вёску часта праходзілі войскі ў тую пару: пехатура, танкавыя, мотастралковыя і нават дэсантныя. Паглядзець на баявую тэхніку і салдат з афіцэрамі мінакі выходзілі ўсім дваром, цікаўныя дзяўчаты выскоквалі бліжэй да дарогі, па якой пылілі вайскоўцы. Цётка Груня не была выключэннем. Яна якраз прыехала ў Вёску на летнія вакацыі паднабрацца сіл перад апошнім курсам вучобы. Вылучаючыся з усіх сясцёр непадробнай прыгажосцю, ёй бы ў артысткі кіно падацца. Не горш за Быстрыцкую справілася б з роляй Аксінні ці за Гурчанку ў «Карнавальнай ночы»: умела і спяваць так, што заслухоўваліся нават дрэвы і вецер, і танчыць гэтак, што сама Айседора Дункан пазайздросціла б. А выбрала прафесію фельдшара, больш патрэбную маладой савецкай краіне, чым артысткі. Да таго ж артысты – людзі недасяжныя, незямныя, куды цётцы Груні да іх – вельмі нават зямной, хоць і прыгажэйшай за будзь якую артыстку.

      Дзядзька Жэня, калі пабачыў цётку Груню ўпершыню, – забыўся, што ён салдат і ідзе шараговым байцом у агульнай калоне. На мулкіх нагах ён выйшаў з калоны, нягледзячы на выкрыкі старшыны вярнуцца ў строй і пагрозы гаўптвахты. Цётка Груня стаяла пад разгалістай чаромхай, што расла каля двара і непадалёк ад дарогі, па якой праходзілі войскі, праводзячы позіркам ці не кожнага з тых, хто ішоў па дарозе, уяўляла, магчыма, сябе гераіняй ваеннага кінафільма, якая чакала пад чаромхай свайго каханага, героя-пераможца фашысцкай хеўры. Дзядзька Жэня падышоў да яе нячутна і бухнуўся каля яе ног на калені. Цётка Груня спалохалася спачатку, запатрабавала, каб ён зараз жа ўставаў. Аднак салдат не варушыўся і нічога не казаў, адно пазіраў ва ўсе вочы на яе. Ёй спадабаўся яго позірк, яна апусцілася на калені побач з ім, узяла за рукі. Так яны пазнаёміліся. Затым да іх падбеглі старшына і два салдаты і адцягнулі ад цёткі Груні дзядзьку Жэню. Але ён ужо ведаў яе імя і тое, што жыве яна ў двары за гэтай цудоўнай чаромхай.

      Дзядзька Жэня з’явіўся праз некалькі тыдняў, прыехаў у Вёску на веласіпедзе. Дзе ён узяў транспарт, не прызнаваўся. Яны пачалі сустракацца. Пасля цётка Груня выйшла за яго замуж, іх распісалі ў мясцовым сельсавеце.

Скачать книгу