ТОП просматриваемых книг сайта:
Закон захавання кахання. Зінаіда Дудзюк
Читать онлайн.Название Закон захавання кахання
Год выпуска 2020
isbn 978-985-581-273-0
Автор произведения Зінаіда Дудзюк
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Жаночыя лёсы
Издательство Четыре четверти
– Выдатна! А што яшчэ?
– Тут цябе зямляк шукаў.
– Які зямляк? – насцярожылася Ада, зноў думаючы пра Касьяна.
– Хлопец-завочнік з Мінска, ён і называў сваё прозвішча, ды я забылася.
– Што яму трэба?
– Не ведаю, проста пабачыцца па-зямляцку. Ён таксама жыве ў інтэрнаце, рыхтуйся сустракаць госця.
Сапраўды, увечары нехта пастукаў у дзверы. Ада адчыніла і ўбачыла невялічкага чарнявага кудлатага хлопца з гітарай, які павітаўся і спытаў:
– Дзе ты прападала? Цэлы дзень цябе шукаў.
– Хіба мы раней сустракаліся? – здзівілася Ада.
– Я – Мікола Патапеня з вёскі Марудава. Ты ж мне лісты пісала, кансультавала наконт вершаў.
Ада ўспомніла, гэта быў адзін з пачаткоўцаў, вершы якога яна часам друкавала на літаратурных старонках раёнкі, а часам дасылала яму лісты і раіла, што і як паправіць, каб дацягнуць твор да пэўнага ўзроўню.
– Ну, заходзь, зямляк, расказвай навіны.
Хлопец прайшоў да стала, паставіў гітару, сеў па-гаспадарску зручна і паведаміў:
– Усё выдатна! Удалося вырвацца з вёскі, развітацца з ветэрынарствам. Ажаніўся з мінчанкаю, Міланаю завуць. Жыву пакуль з цешчаю, але, на шчасце, яна амаль увесь час на лецішчы пасецца. Паступіў у літінстытут на завочнае, прыехаў на ўстановачную сесію, дазнаўся, што і ты тут, вырашыў наведаць.
– Добра, будзем піць гарбату. Я на кухню на колькі хвілін, ты не сумуй.
Ада ўскіпяціла чайнік, заварыла гарбату, зрабіла бутэрброды, паставіла варэнне, цукар, печыва, наліла ў кубкі вару, запрасіла:
– Частуйся, калі ласка, і расказвай, што там у Мінску?
– Нічога асаблівага, тое, што і ў Маскве: чэргі, талоны, дэфіцыт.
– Што пішаш?
– Вершы пакуль, але ёсць задумы і на прозу. Хочаш, раскажу сюжэт, толькі ты не ўздумай красці.
– Бог з табою, нашто мне твой сюжэт? Дам табе параду: ніколі не расказвай пра тое, пра што збіраешся пісаць. Выгаварышся – і стане табе нецікава.
– Можа, і так, – пагадзіўся хлопец.
– Але ты і жук! Адзіны раз прапусціла заняткі, дык ты тут жа прыйшоў мяне шукаць! І да каго? Да загадчыцы навучальнай часткі!
– Прабач, я не ведаў, што ты загуляла. Вельмі хацелася пабачыцца. Можа, я табе паспяваю, каб віну загладзіць?
– Паспявай, калі маеш жаданне.
Хлопец узяў у рукі гітару, пашчыпаў струны і сказаў:
– Словы і музыка мае.
– Выдатна. Ты і нотную грамату ведаеш?
– Нашто яна мне? Мелодыю трымаю ў галаве. Наогул кожны верш мае сваю мелодыю і рытм, ці не заўважала?
Ён зацягнуў сіплаватым голасам нешта невыразнае, трэнькаў на струнах аднастайна, хіба мог ён параўнацца з Касьянам, у якога гітара ў руках быццам ажывала і выцінала дзівосныя гукі, а сам музыка так рухаўся па сцэне, нібы спраўляў нейкі таямнічы абрад. Ада ўзіралася ў смуглявы твар госця, чорныя вузкія вочы пад калматым чубам і думала: