Скачать книгу

На наступнае лета Касьян не прыехаў. І яна зразумела, што зорка яе душы, назаўсёды згасла на ягоным небасхіле, перастала існаваць. На яе звалілася дэпрэсія, не хацелася ні працаваць, ні варушыцца. Падумвала пра самазабойства і пісала спавядальныя радкі не для друку, сабе:

      Зноў цемрай знішчана святло,

      А смерць зацягвае сіло

      Ды кліча йсці за ёю ўслед,

      Каб сэрцу смуткам не смылець,

      І абяцае вечны рай.

      Памры і болей не ўмірай!

      Ні звад, ні бедаў, ні пакут,

      Увесь цяжар пакінеш тут…

      Так лёгка крок у крок ступіць.

      Жыць ці не жыць?..

      Яна ўяўляла, як яе будуць хаваць, як збяруцца калегі, знаёмыя, суседзі, толькі Касьяна між іх не будзе. Ён нават не даведаецца, што яна памерла. Гэта спыняла яе. Як жа можна памерці і не развітацца з ім? «Ах, Лятавец, колькі тугі прынёс ты мне? Навошта ў нябёсы паклікаў, а потым пакінуў на грэшнай зямлі?» – з горыччу думала яна і трывала з апошняй сілы. Калі боль станавіўся невыносны, зноў прыходзілі думкі пра самазабойства:

      Даўно ўжо мне няма куды ўцякаць,

      Няма куды схаваць гаркоту думак.

      Трымаю лёс, як амфару ў руках,

      Разглядваю з усмешкаю і сумам.

      Што там, на дне? Дапіць ці пачакаць?

      А голас глухне ў малітоўным тлуме.

      Трымаю лёс, як амфару ў руках,

      Разглядваю з усмешкаю і сумам…

      Нарэшце ўсё ж знайшла выйсце, зразумела: трэба нешта мяняць, нельга хаваць сябе зажыва. Вось і наважылася паехаць вучыцца ў Маскву, тады і паклікала яго з сабою.

      Ён не адказаў на яе ліст. Яна зразумела, што яму яе прапанова не спатрэбілася і больш не турбавала, нічым не нагадвала пра сябе. Толькі калі ў ліпені атрымала паведамленне, што залічана на курсы, паслала Касьяну паштоўку, павіншавала з днём нараджэння і паведаміла, што едзе вучыцца. Дзіва дзіўнае – атрымала адказ.

      «Дзень добры, Сонейка!

      Атрымаў тваю паштоўку. Яна такая шчымлівая і сонечная, адпавядае майму настрою. Дзякуй!

      Зайздрошчу табе, цэласнасці тваёй натуры. Змагла вырвацца з такога цёплага балота паўсядзённасці, працуеш, спеліш душу, імкнеш да мэты. А ў мяне не атрымліваецца так, за два гады нашкрабаў адзін вершык – вось і ўвесь набытак.

      Самотніка чакала кара

      Наканавання

      Быць толькі сведкам

      І рабом свайго маўчання.

      Нядаўна сустракаўся з сябрамі, трохі мы перабралі за сталом, палезла з нас брыдота. А раней мы так добра разумелі адно аднаго. Мяняецца час і мяняе нас. Вось такая “геніяльная” выснова. Зазвычай я не п’ю, а тут як з ланцуга сарваўся. Цяпер разумею, што ўсё можна было зрабіць па-іншаму, але, мусіць, планіда ўжо такая. Не так даўно мне трапілася на вочы цытата, здаецца, Канфуцыя: “Усё будзе так, як будзе, нават калі будзе не так”. Бачыш, цягне мяне на філасофію, можа, у гэтым вінаватая твая паштоўка, бо сяджу і пішу гэты ліст, гледзячы на яе. Згадваю Вязынку, Бабруйск, Бярэзіну і цябе над ёю… Даруй асталопу. Плёну табе. Да пабачэння».

      Гэты ягоны ліст быццам абяцаў працяг адносін, таму і думала Ада пра Касьяна ў Маскве, хоць і забараняла сабе, адгаворвала,

Скачать книгу