Скачать книгу

на вузкай лясной дарозе машына загрузла ў вялізнай лужыне. Добра-такі павазіўся Васіль, пакуль выбраўся. Хворае дзіця ён завёз у бальніцу, і жанчына адразу кінулася шукаць урача.

      Калі Васіль прыехаў на завод, малако сапраўды сагрэлася. І вось учора на агульным заводскім прафсаюзным сходзе пасля вырашэння розных пытанняў зачапілі і яго, Васіля. Асабліва гарачыўся шафёр Аўраменка Пятро.

      – Едзе іншы, варон ловіць, а нам гэта бокам вылазіць! З-за розных недацёп квартальная прэмія накрыецца! – чым больш гаварыў Пятро, тым больш гнеўным рабіўся яго голас. Пятра не перабівалі, многія згодна ківалі галовамі.

      Яго падтрымаў галоўны інжынер:

      – Можа, яшчэ да дзяўчат куды заехаў! Бяры прыклад з Аўраменкі: ні разу за пяць гадоў не спазніўся.

      Ад крыўды ў Васіля да горла падкаціў камяк. Памкнуўся ўстаць, расказаць усё, але не паспеў: паклікалі да тэлефона. Званіў брат з суседняга горада, дзяліўся радасцю: нарадзіўся сын. Пасля размовы на сход вяртацца Васіль не захацеў.

      …Сёння на павароце пасажыраў не было. Яно і зразумела: самы разгар лета, усе ў полі ды на агародзе, раз’язджаць асабліва няма калі.

      Да гарадка заставалася тры кіламетры, калі Васілю не пашанцавала. Заклініла матор. «Вось і зноў будзе Аўраменку нагода палаяць мяне, – у роспачы падумаў Васіль. – Цяпер ужо малако скісне, факт». Толькі падумаў гэтак Васіль, як паказалася машына Пятра Аўраменкі.

      Хоць і думаў Васіль пра яго няпрыязна, але ўзрадаваўся. Свой чалавек не пакіне на дарозе, возьме на буксір. З вінаватай усмешкай ён выйшаў з-за паднятага капота насустрач Аўраменку. Той крыху пацішыў ход, памахаў рукой, маўляў, спяшаюся і…паехаў.

      – Стой! – закрычаў Васіль. – Пачакай!

      Але Аўраменка ўсё больш аддаляўся.

      «У такога малако не скісне» – са злосцю падумаў Васіль. На яго шчасце неўзабаве пад’ехаў малады хлопец з аўтабазы, амаль равеснік.

      – Не бядуй, браток, – супакоіў ён узрушанага Васіля, – свет не без добрых людзей. Зараз паімчым!

      І палез па трос.

      Некалі

      Максім вяртаўся з роднай вёскі. Не наведваўся туды больш як пяць гадоў. За гэты час разрасліся прысады, а хаты як быццам сталі меншымі, некаторыя нават і не пазнаць. Ні родных, ні сваякоў у Максіма там ужо няма. Але ёсць выдатныя суседзі, гасцінныя аднавяскоўцы. Хто ні сустракаў на вуліцы, усе настойліва запрашалі да сябе.

      Спыніўся Максім у былога суседа, брыгадзіра Данілы Антонавіча. Малады яшчэ мужчына, энергічна і ўдала гаспадарыць у роднай вёсцы Каменка. Ён і яго жонка Ніна, якая працуе ў паляводчай брыгадзе, расказалі госцю ўсе навіны…

      Ад хвалявання, уражанняў ад сустрэчы з аднавяскоўцамі ў галаве быў сапраўдны калейдаскоп. І ўвесь час не давала спакою, свідравала адна думка: нешта забыў, не споўніў, не зрабіў…

      Вырашыў выкарыстаць апрабаваны ўжо спосаб – пераключыў думкі на іншае, на працу, сям’ю, калег. І ўспомніў! Гэта ж ён не зайшоў да старой Марылі, жонкі дзеда Мікіты! Старой яе назваць і язык не паварочваўся, бо запомніў яе адносна

Скачать книгу