Скачать книгу

засвойвалі мясцовую прастору, уласны аўтамабіль быў немаведама якой раскошай. І мінчукі, якім здаралася трапляць у іх горад, глядзелі на мясцовы кірмаш як на філіял зямнога раю. А нехта і злосна кідаў: «Распанелі – заходнікі! Вось прыйдуць да вас калгасы». Калгасы і сапраўды неўзабаве прыйшлі… Тыя кірмашы засталіся толькі ў памяці. І цэны тых кірмашоў – таксама…

      Ніна, зразумела, не рабіла футуралагічных прагнозаў, яна жыла імгненнямі. Яна адчувала сябе гаспадыняй на кірмашы – зразумела пазней Дана. І – толькі што з вёскі – мела, мабыць, тут і роднаснае атачэнне. І ўмела ў ім аказаць сябе. Ад яе было не ўтоіць ёлкага масла, ці жарсткаватага тварагу, ці мяса кароўкі, пра год нараджэння якой не памятаў нават сам гаспадар.

      Да таго ж на кірмашы былі ўсе. Шаўцы, краўцы, настаўнікі, урачы, людзі са швейнай фабрыкі, народ з трыкатажнай, з прамкамбіната, з ліцейнага цэха… Ішоў майстар з «Індпашыву» Бузук, цырульнік Гальдштэйн, прыгажуня-манікюрша, высокі саністы ганаровы грамадзянін рэспублікі Чэхаславакія, што партызаніў у тых краях, судмедэксперт Харытончык з жонкай, настаўнікі з яе, Данчынай, СШ № 2, «мэр» горада Ірына Паўлаўна, намеснік ваенкама Варава з жонкай, якую Дана ведала як цёцю Шуру, як увасабленне дабрыні і чалавечай спагадлівасці.

      Гандлёвы, кірмашовы дзень…

      Увечары Ніна і Луіза Генрыхаўна рабілі, так бы мовіць, рэестр перамог. Кожная хваліла куплёнае суседкай: гэтага вымагала этыка адносін. «О, якія вішні! Варэнне будзе – хоць да царскага стала!» «Божа літасцівы! Якое кураня! Хай крыху пагадуецца, з маёй качкай рэзаць будзем!» Птушак продалі і куплялі жывых. І галоўнымі «экзекутарамі» былі Ніна і Луіза Генрыхаўна. Трэба было, каб істота не пакутавала, адсекчы галаву за адным разам, спусціць кроў, а потым чысценька-чысценька абскубці, абсмаліць – ну, не смаленне вепрука, але таксама навука. Вольга Станіславаўна той навукі і не ўмела, і не любіла. Дана ж увесь рытуал уяўляла толькі тэарэтычна, і то не вельмі пэўна. Але куранят, асабліва ў смятане ды з маладой бульбай і баравічкамі ці лісічкамі, ела. Хаця смаку дэгустацыйнага дабралася пазней, з гадамі. На тую пару лічыла ўсё мітуснёй, баўленнем часу – гэта ж не птушак слухаць гадзінамі: во, то справа для яе!

      Калі ж пачыналіся слоўна-рэчавыя гульні на кухонным рысталішчы, хто каго перахваліць, хто каго перасіліць, хто на рубель выйграў у кірмашовым турніры – Дана ціхенька сыходзіла з хаты ці зашывалася куды-небудзь з кніжкай. Свет не існаваў для пераможцаў.

      Да кірмашу ў Даны адносіны былі складаныя. Яна любіла летні ранак у нядзелю. Зазвычай добрым надвор’ем клалася спаць на гаўбец і прачыналася гадзін у шэсць ад заклапочаных крыкаў варон на клёнах праз дарогу, ад скрогату вазоў па брукаванцы, ад віску парсючкоў на вазах, ад шлёгання пугі ў гаспадарскіх сялянскіх руках.

      Было надзвычай добра – ад свежасці раніцы, ад незамглёнага блакіту неба, ад шоргату вазоў, ад адчування пачатку дня. Было ва ўсім гэтым нешта неадольна трывалае, надзейнае, усім патрэбнае. Мабыць, Анёл у цені сваіх крылаў не адно стагоддзе глядзеў на тыя вазы,

Скачать книгу