Скачать книгу

і ў мяне радня не абы-якая! Ірку і ўспамінаць не буду, зашмат гонару. Ціхаяціхая, нідзе не чуваць і не відаць было, ледзь васьмігодку агорала, цялятніцаю робіць. Вось так цішком і прыбрала матчыну хату да рук, а ёй, Алене, там ужо і месца нямашака. Толік, той наадварот змалку быў адарві ды выкінь! Сваволіў ён – а рэмня зараблялі іншыя. І цяперака ні на грам не змяніўся, бацькавы грошы, што з Нямеччыны за палон прыйшлі, сцягнуў, машыну купіў і кватэру абставіў, а спіхнуў усё на заезджых цыганоў».

      – Нарадзілася я ў вёсцы Тамашова Рудня за два кіламетры ад Слабодкі, у дружнай мнагадзетнай сям’і, – ізноўку нацягнуўшы маску паспяховасці, працягнула Ленка Багуненка, узважваючы кожнае слова. – Бацька мой, Мікалай Пракопавіч, працаваў на ферме даглядчыкам, маці, Марыя Макараўна, – паштаркаю. Яна спявала ў хоры пры нашым клубе, а ў восемдзесят сёмым годзе яе абралі дэпутатам сельскага Савета. Мая старэйшая сястра Тамара жыве ў Гродзенскай вобласці, замужам за дырэктарам мукамольнага завода. Катэдж у іх свой, дзве машыны, дзеці ў Мінску вучацца… – натхнёна нахвальвала сястрын дабрабыт Ленка, зусім забыўшыся на астатніх сваякоў. Гаўрыльчык і не настойваў, неаднойчы пераканаўшыся на ўласным досведзе – калі ў справу мяшаюцца грошы і спадчына, ад дружбы ў шматдзетнай сям’і і следу не застаецца.

      – Ну, а муж ваш дзе працуе?

      Абысці правакацыйнае пытанне не ўдалося:

      – Дзе і ўсе цяпер, у Расіі, – незадаволена буркнула Алена. І перавяла гаворку ў больш пазітыўнае рэчышча. – Старшы сын уладкаваўся механікам на заводзе, меншая дачка дзясяты клас заканчвае. Я ва ўсім люблю чысціню і парадак, у мяне ў гародчыку багата кветак. Асабліва падабаецца даглядаць хатнюю гаспадарку. Я аддаю ёй увесь вольны час, бо змалку да працы прывучана… – з апошніх сілаў змагалася са сваёю знявечанай свядомасцю ўдарніца працы, імкнучыся выдаць жаданае за сапраўднае.

      – Ну, а як адпачываеце?

      – Ат, пакуль усё папарадчыш ды свіням дасі, які адпачынак! Нагу сваю ўкручу ды гляджу тэлевізар, – зразумеўшы, што вырвалася нешта не тое, Мікалаеўна паспрабавала выправіць становішча. – Камп’ютар дачцэ ў крэдыт узяла. Бывае, з сястрой Тамарай, што за дырэктарам замужам, перапісваюся…

      У гэты момант у кабінет зайшла сакратарка, жанчына неабыякавая да чужога гора:

      – Вы ўжо выбачайце мне, я вазьму паперы ды пайду, бо дадому трэба, абяцалі брыкету прывезці. А ты, Лена, раскажы журналісту пра Сярожу. Хай бы ён у газеце яго прапясочыў ці міліцыі пажаліўся, каб прыстрашылі трохі. А то ж жыцця не дае: п’е, з двара цягне, хату спаліць грозіць…

      Суразмоўца спачатку відавочна сумелася. Старанна абмаляваны свет ілюзіі ўласнага шчасця сыпаўся на вачах, бы сечка з дзіравага меха. І тут яе нібы прарвала, трываць набалелае не было як:

      – Гэта ж мужыка майго брат, у другой палове дома жыве. Алкаш, не робіць нідзе, сябрукі яго цягаюцца. У двары таза алюмініевага пакінуць няможна. Краёў не знойдзеш, жыві і бойся! Даруй Божа, ці грэх ці два, хай бы ён ужо пайшоў куды ці ў прымы, ці ў

Скачать книгу