Скачать книгу

фантастычныя, чым выведзеныя пэндзлікамі марозу на аконным шкле. А затым раніца сцірала ўсё, а новы дзень прыносіў новыя планы.

      – Я буду лётчыкам, – над Мястэчкам упершыню прагудзеў самалёт, блакіт неба размяжоўваўся на дзве часткі белай стужкай дыму, Антон суправаджаў яго вачыма, намагаючыся ўявіць свет з вышыні палёту.

      – І я таксама буду лётчыкам, – рэхам адазваўся Коля. Яны былі блізняты і заўсёды трымаліся разам. Але, калі б дакладна адсачыць іх сцежку, можна сказаць – вызначаў яе Антон, а Коля ступаў следам. Капіраваў вопратку і прычоску, паўтараў жэсты і позіркі, і калі б чалавек складаўся толькі з жэстаў і вопраткі, раней ці пазней яны зліліся б у адну постаць, у адну асобу, і нат бабка Сонька не змагла б падзяліць іх і кожнаму даць уласнае імя.

      Аднак людзей ствараюць перш за ўсё пачуцці. Пачынаецца чалавек з простай радасці, з часам ускладняецца злосцю, затым нянавісцю, аж даходзіць да самага незвычайнага – кахання. Можна скапіраваць чужую радасць і паўтарыць чужую нянавісць, але з каханнем у кожнага свая гісторыя. Адны знаходзяць яго, а другія ніяк.

      У шаснаццаць год Антон закахаўся ў дзяўчыну з суседняй вуліцы. Ніякая іншая дзяўчына ў Мястэчку не ўсміхалася прыгажэй за яе і не распускала прыгажэй валасы на летнім ветры. Усе хадзілі вулачкамі, а гэтая над Мястэчкам крыліла матылём. Так казаў Антон. А Коля глядзеў на дзяўчыну і бачыў звычайныя вочы і звычайныя валасы. “Дзяўчо як дзяўчо”, – абыякава паціскаў плячыма. Блізнячыя сцежкі братоў пачалі разыходзіцца.

      Але дзяўчына глядзела на Антона і таксама не знаходзіла ў ім нічога незвычайнага. І ён адступаў у доўгае цярпенне, у балючыя задумы, у самоту, дзе не існуе нічога, апроч уздыханняў і думкі пра небыццё. А калі прычына пакуты з’ехала кудысьці ў свет, Антон пакляўся ніколі ўжо не выстаўляць сябе на здзекі кахання.

      “Я таксама ніколі не закахаюся”, – прысягнуў Коля. Але ўсётакі не змог вярнуцца да брата так блізка, як тады, калі адсачыўшы лёт самалёта, паўтарыў рэхам “і я буду лётчыкам”, а Сашка, трымаючыся ранейшых планаў, адазваўся: – А я буду сталяром.

      – Ты? Сталяром? – скептычна паківаў галавой Антон.

      – Курдупляў не бяруць на фабрыку. Хіба што ў цырк.

      – Не бяруць курдупляў на фабрыку. Хіба што ў цырк, – пацвердзіў Коля.

      Але Сашку такія словы ўжо не краналі. Ён канчаткова спыніўся ў росце і нават да рыскі на касяку прыстаўляўся не штодзень, а для спакою душы раз на месяц, а потым і раз на паўгода.

      – А вось і буду. І не абыякім, а самым маленькім на фабрыцы. І найлепшым. А вы ў дупу паляціце, а не ў неба, – надзімаючы губы, адыходзіў, зашываўся ў хлеўчыку, дзе побач з адзіным вакном Сонька адвяла яму месца на маленечкую майстэрню. Быў там у яго маленькі малаток, долата, абцужкі і бліскучая ручная піла. З аскепкаў драўніны Сашка складаў і кармушкі сініцам, і домікі для шпакоў, і мэблю для лялек.

      Усе тыя домікі, кармушкі і самалёты ў небе Валодзя зачароўваў у літары і запісваў у сшытак.

      – Мой ты пісьменнік, – паўтарала

Скачать книгу