Скачать книгу

зусім, пакуль там якое ўсталяванне… Я думаў Анатоля за доктара выводзіць, аж не выйшла. Час такі. Чатыры класы гімназіі прайшоў, і з-за неспакою на свеце прыйшлося кінуць. У нас мясцовасць добрая – лес смольны, рэчка, хоць невялікая. Каб сын выйшаў за доктара – ух, што б мы тут маглі б зрабіць! Я мог бы выбудаваць больніцу сваю ўласную, сын кіраваў бы ўсім. Фельчары былі б пры ім…

      – Свае, – не вытрымаў Кандрат Назарэўскі.

      – А што вы думаеце? Чалавек з галавою мог бы…

      – Гэта ж можна было абагаціцца, маёнтак справіць…

      – Пане мой, дзіва што!

      – А вы лепш паганяйце каня, мне трэба скарэй даехаць.

      Скуратовіч паглядзеў на Кандрата Назарэўскага і спыніў гаворку. Лясы адыходзілі на далягляды і пасля зноў сыходзіліся на дарозе. Лясныя выжарыны трапляліся часта, балотныя выспы, забалочаныя паляны ішлі ўсё часцей. Торф выступаў скрозь. Здавалася – уся зямля чарнее торфам з-пад травы. Лес пачынаў драбнець. Усё торф і торф. Часамі, дзе ўжо зусім нізка было, ішоў спрэс каржакаваты хвойнік, крывы бярэзнік, купчасты алешнік. Пасля дарога зноў ішла пад гару, і выносістыя хвоі зноў цягліся ў неба.

      – Ах, лес, – гаварыў Скуратовіч, – балота. Гэта ўсё княжыя лясы. Каб не вайна, паны балота браліся б асушваць. Добры лес пакінулі б, дрэнны вырабілі б на поле. He пазнаць было б мясцовасці. Але, сказаць, і паны былі ўсялякія. Іншы не мог жыць інакш, як яго бацька жыў. Старыя паны як жылі? Ён сабе выязджаў на сваім фаятоне – і не знайся! А там зямлю гэтую корпалі парабкі на старасвецкі лад. А цяпер пара інакшая прыйшла. Цяпер народ размножыўся, маёнткі драбнець пачалі. Некаторыя паны дык проста паспродавалі іх або падаводзілі свае двары да няма нічога, не ўмеючы гаспадарыць па-новаму. Час інакшы прыйшоў. Новыя паны пачалі з’яўляцца. Унь Хурс, можа, і чулі, свіны купец. Гэты кожнага даўнейшага пана можа купіць з жонкаю і дзецьмі, як кажуць. Бо ён ведае, як цяпер на свеце трэба паварочвацца, ён практык. Або Кандыбовіч! Купіў спачатку маёнтачак нейкі задрыпаны і так яго, пане мой, вырабіў, што грашмі нажыўся. Тады і пачаў больш маёнткі скупліваць. Пашырыўся на цэлую губерню. Каб траха, дык і Радзівіл. Гэты ўжо зусім адменны пан, хоць бы сабе і Кандыбовіч. Гэты ўжо не выедзе ў фаятоне і на конях з белымі істужкамі на набадрах. Гэты ў аўтамабілі коціць і без шафёра, а сам. Ходзіць у вялікіх ботах, сам па балоце лазіць, калі дзе саломіна валяецца, дык і яе кіем тыцкане і за гэты непарадак парабку рубель з пенсіі вылічыць. Гэты б’е рублём. Ён не верыць аканому, а, прабуючы зямлю, сам за плуг возьмецца і паарэ да поту разам з парабкамі. Гледзячы на яго, і паны з даўнейшай натураю пачалі цягнуцца за ім. Напрыклад сказаўшы, аўтамабілі пазаводзілі. Але што ж, калі ён з белай рукі пярсцёнка не зніме. Без лёкая не нагнецца кветку паненцы вырваць. Дык што за карысць з гэтага яго аўтамабіля! Аўтамабіль яго маёнтка не выратаваў. Усё адно – ён павінен прадаць свой маёнтак таму, у каго новая натура. Каб не вайна, дык які-небудзь Кандыбовіч і разгарнуўся б тут. Але і так сказаць, вайна ні Хурсу, ні Кандыбовічу на згубу не пайшла. Яны на ўвесь фураж цэлага войска падрады бралі.

Скачать книгу