Скачать книгу

пасмялела. Нейкая новая думка, відаць, нарадзілася ў яе. Яна, здаецца, падумала, што гэты салдат свой чалавек, што ён зусім гэта не ў водпуск ідзе. «Мусіць, нешта тут іншае. Можа, проста ўцякае дадому з войска».

      – Дык вы сядайце, – сказала яна. – Дадому ніколі не позна. Заедзеце. Можа б, вы з’елі чаго? Вы Толіка нашага ведаеце?

      – Ведаю. Я з Анатолем Скуратовічам быў калісьці ў адной часці. Як палякі занялі былі гэтую мясцовасць, мы адступалі і праходзілі тут непадалёк. Я мясцовасць пазнаў. To ён тады і знік. Хто быў у нашай часці адгэтуль зблізку родам, то адразу і падумалі, што Скуратовіч астаўся тут, дадому пайшоў.

      – Што вы гэта кажаце! Яго як змабілізавалі былі тады, як яшчэ палякі сюды не прыходзілі, дык ад таго мы яго і не бачылі. Можа, дзе галаву склаў!

      – Наша часць была тады тылавая. Начавалі і мы разам у адной хаце. А раніцай прачнуліся – аж яго ўжо няма.

      – He ведаю… He ведаю… Божа мой, Божа!

      Рысы твару яе ахаладзелі, губы сцяліся.

      – Мне трэба ехаць.

      – Няма ніводнага каня дома.

      – А што будзе, калі я найду?

      – Шукайце. Я адна дома.

      – А дзе ж гаспадар?

      – Я ж вам казала, што ў абоз пагналі.

      Нейкая новая думка, мусіць, зноў апанавала жанчыну, яна збянтэжана заварушылася, паглядзела ў акно, вярнулася да дзвярэй, сказала чырвонаармейцу:

      – Я і сама не ведаю, дзе вам тую фурманку ўзяць. Хіба, можа, я так дзе-небудзь выстараюся. У нас ходзіць за гумном конь, што салдаты кінулі некалькі дзён таму. Ён, сказаць, і не наш жа, казённы. Няхай акрыяе крыху, а тады, можа, зноў якая часць забярэ… Хіба на ім вы паедзеце?

      Яна ўжо не гаварыла больш, што гаспадара няма дома. Кандрат Назарэўскі думаў: «Яна ад мяне стараецца хутчэй пазбавіцца».

      – Дзе ж ваш Анатоль цяпер? – зноў запытаў ён.

      – Жывога няма! Каб на вайне галавы не склаў, дык абазваўся б дагэтуль. Божа мой, Божа!

      Яна пусціла слязу.

      – А ён жа зняты на фатаграфіі зусім нядаўна.

      Кандрат Назарэўскі перавярнуў фатаграфію на другі бок.

      I фатаграфісцкі штамп быў ужо на польскай мове: павятовы майстар быў ужо дапасаваўся да новай улады.

      – Пры паляках здымаўся ваш Анатоль?!

      – Божа мой, чаго вы хочаце ад мяне? Мы нічога не чулі пра нашага Толіка.

      I жанчына выйшла з хаты. Яна спусцілася з падгнілага ганка на маленькі дворык, адгароджаны ад вялікага нізкай агароджай, абсаджаны маладымі ліпамі, увесь у рэштках ранейшага кветніку: у некалькіх мясцінах у непарадку расла недагледжаная півоня, буялі жоўтыя сцеблаватыя кветкі; флёксы напалам з травой глушылі ўсё, што было каля іх і пад імі драбнейшага. Скрозь была трава, мятліца – як паплавец які перад ганкам. Каля платца куры дзяўблі штосьці з каўша, чарада індыкоў і качак цягнулі шыі праз плот да яды.

      Кандрат Назарэўскі бачыў праз акно, як жанчына адчыніла брамку, як пайшла кудысьці за скляпок. Там яна і знікла з вачэй. Кандрат Назарэўскі разглядаў пакойчык. На камодзе пажаўцела і

Скачать книгу