ТОП просматриваемых книг сайта:
Завеі, снежань. Іван Мележ
Читать онлайн.Название Завеі, снежань
Год выпуска 1976
isbn 978-985-02-0190-4
Автор произведения Іван Мележ
Жанр Литература 20 века
Издательство Электронная книгарня
– От, даждаў помачы, – ужо спакайней паскардзіўся Лесуну стары. Нібы прасіў спачування.
Лясун прамаўчаў. Глушак бачыў: пад навіссю панурых броваў бляск вачэй трывожны, зацяты.
Калі Лясун глыбай устаў, сабраўся ісці, Глушак падаўся ўслед. У сенцах стары прытрымаў госця, ціха, асцярожліва папрасіў:
– Не помні, Пракопко, што мы тут плялі… Ён усё ето так – абы язык пачасаць!
– Яўхім праўду казаў, – прагрымеў Лясун. Глушак улавіў у голасе адчай і рашучасць.
– Ат, – запярэчыў на ўсякі выпадак. – І ты тое ж… Не пляці, Пракопко!..
Вярнуўшыся ў хату, зіркнуў на Яўхіма, што ўсё дыміў, узлёгшы на вушак. Упікнуў ад душы:
– Плявузгаеш перад чужымі абы-што!
Яўхім варухнуўся, перастаў дыміць.
– Тато, надаело мне! Надаело мне цярпець! Калі на горло становяцца!
Ён сказаў так набалела і так нецярпліва, што старога ўзяў раптам жаль да яго. Ён трывожна павёў вачыма на акно, ці не чуе хто-небудзь. Вунь як набалела: ледзь не крычыць! Як малому, стрымана і лагодна параіў:
– Трэба цярпець! Не канешне знаць кажнаму, што думаеш!..
Яўхім нецярпліва варухнуў плячыма: ёсць пра што клапаціцца! Устаў на ўвесь рост, сумотна павёў позіркам – быццам не ведаў, куды падацца.
– Скруцяць скора саўсім! – прамовіў жорстка, без жалю.
Словы гэтыя кальнулі Глушака ў самае балючае. Але не паказаў кволасці і не папракнуў сына, што не шкадуе вярэдзіць бацькаву збалелую душу. Не да таго было.
– Скруцяць не скруцяць, – сказаў, як мог, спакойна, разважна, – а няма чаго самому шукаць гібелі! Лезці самому ў пятлю!.. – Хоць не быў упэўнены, для сынавай карысці, з жыццёвай мудрасцю дадаў: – Як галава будзе на плячах, не канешне скруцяць!.. – Не даў запярэчыць, параіў сваё: – Ждаць трэба! Не пара цяпер! Сіла ў іх!
– Даждаліся! – нядобра, як бы вінавацячы кагосьці, адазваўся Яўхім.
– Була пара, – згадзіўся стары. – Була – ды сплыла. Дак і астаецца адно – ждаць. Е ж Бог, буць не можа – пачуе, літасцівы, малітву нашу. Прышле падмогу няшчасным, прышле!
– Аге, надзейцеся на яе!
– Не смейся! – загадаў строга стары. – Прыйдзе ён, прыйдзе! Пабачыш, усе пабачаць! Прыйдзе пара!
– Доўго, тато, ждаць прыйдзецца!
Стары быццам не заўважыў насмешлівага Яўхімавага шкадавання, ведаючы, што за кожным словам сочаць там, на небе, сказаў горача:
– Сколькі ні прыйдзецца, дажджэмся! Буць не можа, штоб не даждаліся! Е Бог на небе!
– Эх, тато!..
– Дажджэмся!
Яўхім сказаў «дабранач», ляніва пацягнуўся ў сенцы, дадому.
Дома ён доўга не спаў. Варочаючыся бяссонна на ложку, думаў. Думак было багата, самых розных. Асабліва ўціналася, вярэдзіла адна – куды падацца? У ёй бачыўся яму шчаслівы ратунак, адзіны ратунак з усяго, што так заблытала яго жыццё. Кінуць усё. Адразу. Не шкадуючы нічога. І махнуць хоць куды. Паспрабаваць яшчэ раз. Жыць тут усё роўна не дадуць…
У тую ноч ён быў гатоў «махнуць».