Скачать книгу

яшчэ большай энергіяй узяўся за чытанне. Цяпер ён прысутнічаў пры спробах Пандоры вырваць Байрана з задуменнасці і зблізіцца з ім, прычым рабілася гэта смела і занадта хітра для такой маладзенькай жанчыны. Пакрыўджаная яго абыякавасцю, яна шукала розных подступаў. Каб сустракацца без сведак, яна дамовілася гуляць з ім на більярдзе.

      «У гэты вечар я яму сказала: «Лорд Байран, калі жанчына любіць мужчыну і гэты мужчына не звяртае на яе ўвагі, што ёй тады рабіць?» «А вось што…» – адказаў ён і абняў мяне моцна-моцна і…» Адно слова там было закрэслена, але Эрвэ, за тонкімі кратамі рысак, даволі лёгка мог прачытаць «пацалаваў».

      Эрвэ Марсена свабодна ўздыхнуў. Ён проста не верыў свайму шчасцю. «Мне гэта сніцца ці што? – гаварыў ён сабе. – Здзейснілася тое, аб чым я мог толькі марыць». Ён устаў і прайшоўся па склепе, абмацаў вялізны сейф, канапу, сцены, каб упэўніцца, што гэта рэальнасць, а не міраж. Ніякага сумнення, усё вакол яго было матэрыяльнае і альбом сапраўдны. Ён ізноў сеў за стол.

      «Я спужалася і сказала яму: «Лорд Б., я вас люблю, але ў мяне ёсць дзіця, і гэта звязвае мяне з яго бацькам. Я магу быць вам толькі сяброўкай. Але вы мне вельмі патрэбны. Памажыце мне». Ён быў на рэдкасць добры і здагадлівы. З тае хвіліны, як ён са мной, увесь яго смутак нібы растаў. Думаю, што мая прысутнасць яго лечыць».

      Малады француз не стрымаў усмешкі. Ён добра вывучыў Байрана і ніяк не мог уявіць, каб той расцягнуў надоўга платанічныя залёты да гэтай юнай спакусніцы. Ён быццам чуў яго голас: «Калі яна ўбіла сабе ў галаву, што я ёй кавалер і буду гадзінамі трымаць яе за ручку, дэкламуючы вершы, яна, ох, як памыляецца! Дайшло да таго, што пара канчаць».

      Потым ён падумаў, што, напэўна, знойдзе праўдзівы дакумент аб душэўным стане Байрана сярод пісем, якія таксама даверыла яму лэдзі Спенсэр-Свіфт. Ён паспешна развязаў стужку. Так, пісьмы Байрана. Эрвэ адразу пазнаў яго гарачую руку. Але ў пакеце былі і другія паперы, напісаныя тым жа почыркам, што і дзённік. Некаторыя з іх ён прачытаў. Гэта былі чарнавікі пісем Пандоры.

      Знаёмячыся з перапіскай, ён са здавальненнем пераканаўся, што здагадка яго апраўдалася. Байрану хутка надакучыла гульня ў платанізм. Ён запытаў, ці можа ён сустрэцца з Пандорай уночы, калі ў замку ўсе спяць. Яна супраціўлялася, але слаба. Эрвэ падумаў: «Калі тое, што напісана ў чарнавіку, было яму паслана, Байран, напэўна, палічыў перамогу блізкай. Яна прастадушна прызналася: «Гэта немагчыма, бо я не ведаю, дзе вас убачыць, каб нас ніхто не заўважыў».

      Ён ізноў узяўся за альбом. Пандора адзначыла, што, каб абменьвацца пісьмамі, яна пачала пасылаць Байрану кнігі з дамашняй бібліятэкі. Надзейны спосаб: нават на вачах у «строгага мужа» можна было перадаць «абранаму рыцару» кнігу з запісачкай. «А ёй было ўсяго дваццаць год!» – дзівіўся Эрвэ.

      «Сёння Ўільям памчаўся з сабакамі на паляванне. Я засталася адна з лордам Б. на цэлы дзень, але пад наглядам слуг. Ён быў вельмі мілы. Нехта расказаў яму пра падвал, і яму захацелася там пабываць. Спусціцца разам з ім я не адважылася,

Скачать книгу