ТОП просматриваемых книг сайта:
Навелы. Андрэ Маруа
Читать онлайн.Название Навелы
Год выпуска 0
isbn 978-985-90386-5-5
Автор произведения Андрэ Маруа
Жанр Зарубежная классика
Серия Электронная кнігарня
Издательство Электронная книгарня
– З прыемнасцю… калі мяне запросяць.
– Гэта я бяру на сябе. Сёння ж вечарам напішу Вікторыі. Яна вас абавязкова прыме. І не палохайцеся, калі тон запрашэння будзе грубаваты. Прывілея нашага старэчага веку, лічыць Вікторыя, у тым, што можна гаварыць пра ўсё так, як думаеш. Перад кім цырымоніцца? І навошта?
Праз некалькі дзён Эрвэ Марсена праязджаў на сваёй невялічкай машыне паўз маляўнічыя вёскі графства Глостэр. Лета, як заўсёды, было дажджлівае. Дрэвы і кветкі лапушыліся і буялі ад вільгаці. Нават у самым маленькім доміку праз вокны відаць былі пышныя букеты. Будынкі, складзеныя з мясцовага залацістага каменю, вельмі прыгожага, і цяпер выглядалі гэтак жа, як у часы Шэкспіра. Эрвэ, надзвычай чулы да феерычных краявідаў Ангельшчыны, быў зачараваны паркам Уайндхорст, дзе знаходзілася сядзіба лэдзі Спенсэр-Свіфт. Ён ехаў пакручастымі алеямі, паўз зялёныя лужкі з акуратна падстрыжанай травой, густой як шчотка, сярод якіх узвышаліся магутныя дубы. Вакол сажалкі раслі хвашчы і папараць. Нарэшце перад ім паказаўся вялізны асабняк, увіты дзікім вінаградам. Сэрца яго закалацілася. Ён спыніўся каля пад'езда і пазваніў. Ніхто не адгукнуўся. Пачакаўшы хвілін пяць, ён заўважыў, што дзвярная ручка паддаецца, адчыніў дзверы і ўвайшоў. У змрочным холе ні душы. На крэслах ляжалі плашчы і шалі. Аднак з суседняга пакоя даносіўся манатонны голас, нібы нехта вымаўляў завучаны тэкст. Эрвэ падышоў бліжэй і ўбачыў доўгую галерэю, сцены якой былі ўпрыгожаны вялікімі партрэтамі. Група турыстаў акружала важнага дварэцкага ў фраку з цёмна-шэрай камізэлькай і ў паласатых штанах.
– Вось гэта, – тлумачыў дварэцкі, паказваючы на партрэт, – сэр Уільям Спенсэр-Свіфт (1775–1835). Ён прымаў удзел у бітве пры Ватэрлоо, быў асабістым другам Велінгтона. Малюнак пэндзля сэра Томаса Лоўрэнса гэтак жа, як і побач партрэт лэдзі Спенсэр-Свіфт, жонкі сэра Ўільяма.
Наведвальнікі зашапталіся:
– Тая самая…
Дварэцкі, ледзь прыкметна кіўнуўшы ў знак разумення і згоды, заставаўся велічным і сур'ёзным.
– Так, – пацвердзіў ён ціха, – тая самая, што была палюбоўніцай лорда Байрана. У яе гонар ён напісаў славуты санет «Да Пандоры».
Двое з групы турыстаў прадэкламавалі пачатак санета.
Дварэцкі адобрыў лёгкім кіўком галавы:
– Вы не памыліліся… А цяпер мы набліжаемся да сэра Роберта Спенсэр-Свіфта, сына папярэдняга (1808–1872). Партрэт работы Джона Мілеса.
Нахіліўшыся да слухачоў, як пастух да авечак, ён дадаў канфідэнцыяльна:
– Сэр Роберт нарадзіўся за чатыры гады да прыезду лорда Байрана ў Уайндхорст.
Маладзенькая дзяўчына запытала:
– А чаго Байран прыязджаў сюды?
– Таму што ён быў другам сэра Ўільяма.
– Вунь яно што! – згадзілася дзяўчына.
Эрвэ Марсена адстаў ад групы, каб больш уважна разгледзець абодва партрэты. У мужа быў шырокі твар, чырвоны