ТОП просматриваемых книг сайта:
Праклён. Валеры Гапееў
Читать онлайн.Название Праклён
Год выпуска 2013
isbn 978-985-7021-17-8
Автор произведения Валеры Гапееў
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Да цябе, – проста адказала Алена.
Яна была ў сініх спартовых нагавіцах, закасаных да каленяў, у белай майцы з кароткімі рукавамі. Уладзімір не мог не спыніць вачэй на Аленінай постаці: не худзенькая, а дзябёлая, моцная жанчына, круглявая праз невысокі рост, але не выглядала тоўстай. Паўнаватыя плечы і рукі, але відаць – дужыя рукі. Будуць дужыя, будуць і цягліцы на руках, калі адной гадаваць дзяцей, цягаць на кухні вядзёрныя рондалі, трымаць парсюкоў ды шчыраваць на гародзе.
– То сядай во, – Уладзімір паставіў старкачом не рассечаны яшчэ адрэзаны кавалак бервяна. – На ім сажы няма.
– Ды я не ў чыстым, – супакоіла яго Алена, села, і Уладзімір зноў не мог не заўважыць, як шыракаватыя Аленіны сцёгны не расплыліся на палене тлушчам, а толькі напяліся, як надзіманыя.
Прысела, прыгнулася, глядзела сабе пад ногі, а шырокі выраз на саколцы глыбока адкрываў лагчынку між велікаватых грудзей.
Уладзімір адвёў вочы.
– Наўмысна з вёскі ішла?
– Дзе там, вячэру развозілі касцом… То тут злезла… Я ўжо другі дзень тут праязджаю… У копанцы мыешся?
– Ага…
– Хадзем, памыешся ў мяне па-людску. Ды пакармлю нармальна. Баба Міроніха толькі бульбай з капустай корміць?
– Ды чаго мне жаліцца… – засаромеўся Уладзімір. – Бульба дык бульба, я не пераборлівы.
– Я ведаю, – кіўнула згодна Алена, – ты не пераборлівы… Калі не пераборлівы, дык хадзем.
Уладзімір ліхаманкава думаў: як адказаць і што. Паўза зацягнулася, і Алена невясёла хмыкнула:
– Ды не пужайся ты… Не збіраюся я цябе прывязваць. Ты ж з нашых аднакласнікаў адзін мне сябрам быў, адзін во чалавекам застаўся. Я табе як сябру, як аднакласніку і кажу: памыешся, павячэраеш – рабі далей, як хочаш.
– А, ну… добра… Я да дзеда заеду, вазьму што чыстае, – з палёгкай згадзіўся Уладзімір – Алена прапанавала яму такі варыянт паводзінаў і стасункаў, пра які ён і падумаць чамусьці не мог, але прапанаванае было найлепшым на гэты момант.
– Ды ў мяне засталося ад майго быка, новае, неадзяванае… Як уцякаў, дык і майткі пакідаў, – спыніла Уладзіміра Алена.
Быком абзывалі за вочы, а пазней дык хто і ў вочы былога Аленінага мужа – працаваў асемянатарам. Абзывалі з зласлівай насмешкай: хударлявы, драбнявы, відавочна, слабы. А гонару затое – не павітаецца ні з даяркамі, ні з нагляднікамі. Спецыяліст, анягож. Як выявілася, меў ён свае погляды на будучыню, і там не было ні кароў, ні вёскі, ні сям’і з дзецьмі. У першыя месяцы сямейнага жыцця, як зацяжарала Алена ды пачаўся таксікоз, “бык” запсіхаваў – ён прызвычаіўся (а папраўдзе – Алена прывучыла), каб кожная хвіліна была аддадзеная яму, каб усё ў хаце рабілася дзеля яго. О, які скандал ён учыніў, калі Алена не змагла прыгатаваць упадабаны ім плоў. А яе ванітавала ад аднога выгляду і паху мяса, як ні перасільвала сябе – не магла падысці да стала, дзе яно ляжала ад ранку, яе згінала ад прыступаў