Скачать книгу

зазірнуў. Нічога не пабачыў – як малака хто наліў у пакой па самую столь – так дыму нацягнула. Ды наперадзе ледзь паблісквала чырвоным у дзве паласы – гэта праз шчыліны дзвярэй прагнула праткнуцца полымя.

      Дакрануўся да шыбы і адчуў, якая яна гарачая, не вытрымаць. Наважліва стукнуў локцем, зазвінела шкло. Прасунуў руку, адшчапіў рамы, расчыніў. У твар ударыла едкая гарачыня. Зразумеў, што яшчэ момант – і ўсё бухне, што тут не гарэла, бо не ставала полымю паветра. Малюнак выбуховага загарання на момант затрымаў яго, але Уладзімір прагнаў страх, падцягнуўся і кульнуўся ў пакой, заплюшчыўшы вочы.

      Апынуўся перад шафкаю, пацягнуў дужку і суцешыўся – от добра, што гэтым разам не стаў замыкаць ад брата. Хапіў усе паперы, усё, чаго было там: дакументы, розныя даведкі, страхоўкі, грошы, ашчадныя кніжкі, карацей – усю сваю хатнюю бухгалтэрыю – і, адчуваючы вострую рэзь у вачох і боль, што раздзіраў грудзі, сеў на падаконне, потым скочыў. Упаў на калені, хацеў устаць, выпрастацца, як раптам хакнула ззаду, нібыта ўздыхнуў нехта велізарны, з усхліпам, і з расчыненага акна вырваўся зыркі, пякучы струмень агню, усё адно як дзьмулі адтуль, з пакоя, тры пашчы Змея Гарынавіча…

      Выпаўз чацвярыцай далей ад хаты, азірнуўся – яна амаль уся была ў агні.

      – Цэлы, Валодзька? – кульгаў да яго сусед, дзед Мірон.

      – Цэлы, дакументы во… Не бачылі брата?

      – Ды ніхто не бачыў… Беглі – толькі відаць было, як за акном шугае ды дым з-пад страхі ідзе. А бліжэй падышлі, то шкло – трэсь, а яно як шугане – да неба! І ўсё ўсхапілася, як бензінам хто абліў… Даўно гарэла ў хаце, паветра не ставала, от знайшло сабе дарогу – праз столь… Дзе тыя пажарныя?

      – Ваду набіраюць… У нас, са студні.

      – Трасцу яны набяруць, там ніякіх шлангаў не стане, вада так глыбока, а тае вады – на адно колца! Ёлупні, вашу маць, з парожняй бочкай ехалі… – вылаяўся стары.

      Пажарныя прыехалі, пачалі разгортвацца, хоць і подбегам, але без асаблівага імпэту – што тут ратаваць, які сэнс? Сцены ўжо гарэлі суздром, дах і столь праваліліся ў трысцене…

      Вады хапіла пажарным хвілін на дзесяць, потым паехалі набіраць ваду да другога калодзежа. Хвілін за сорак прыйшла машына з райцэнтра, за ёй яшчэ адна. Але ратаваць не было чаго. Лілі ваду, бо агонь гарэў. Людзей пазбіралася шмат, моладзь прыбегла з клуба падзівіцца на пажар – тут цікавей, чым на танцульках, усё ж падзея.

      Каля чацвертай раніцы, калі стала добра віднець, полымя патушылі, дымілі толькі асобныя галавешкі.

      Увесь гэты час Уладзімір сядзеў на бярвенні воддаль, курыў адну за адной цыгарэты. Потым безуважна глядзеў, як ходзяць па пажарышчы пажарныя, нешта шукаюць. Зразумеў – брата шукаюць.

      Брат-алкаголік – трыццацігадовы нягеглы мужчына, якога па чарзе выганялі з прымаў адна за адной жанкі цэнтральнай сядзібы калгаса, і ён зноў вяртаўся ў бацькоўскую хату. Улетку яшчэ было тае бяды: не брат шукаў працу за чарку, а праца шукала яго. У вёсачцы, дзе адзінымі непенсіянерамі заставаліся браты Жабруны, дужыя мужчынскія рукі заўсёды былі ў патрэбе. І раніцай бабулькі выстойвалі

Скачать книгу