ТОП просматриваемых книг сайта:
Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна. Рыгор Барадулін
Читать онлайн.Название Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна
Год выпуска 2013
isbn 978-985-7089-28-4
Автор произведения Рыгор Барадулін
Жанр История
Серия Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»
Издательство Электронная книгарня
Светлае памяці мамы Куліны
Мова тады родная, калі яна пачута ад маці, калі кожнае слова сагрэта сэрцам матчыным, калі кожны гук матчынай мовы з-пад матулінага сэрца.
Мама перадала мне найвялікшы дар – мову нашую крывіцкую з вушацкай падсветкай, з вушацкім прысмакам.
Мова Вушаччыны сягае ад паганскіх каранёў і да біблейскага неба.
Мова Вушаччыны праветраная скразнякамі часінаў, пакумленая з мовамі суседзяў.
Мова Вушаччыны ўвабрала ў сябе й задуменнасць незлічоных азёраў, і развагу бароў, і шчырасрэбраны позван крыніцаў, які выпраўляюць у свет упаўнелыя рэкі й рачулкі.
У мове нашай хапае й цнатлівага, й скаромнага. Вушацкія не дужа падкія на эўфімізмы, любяць называць усё сваімі імёнамі. Гэта паганская традыцыя, у якой чысціня бачання свету.
Вушацкі словазбор – спроба сабраць за адным бяседным сталом хоць крышачку непераўзыдзенага шматгалосся роднае мне зямлі, шматгалосся, якое, на жаль, пачынае глухнуць.
Мова прыкладаў і запісаў набліжана да вушацкага вымаўлення.
Калі запрашаў вушацкія словы на паперу, мне чуўся голас мамы Куліны, галасы маіх крэўных і блізкіх. Гэта й сустрэча, і развітанне.
Гэта мой паклон да зямлі тым, хто пялегваў праз вякі нашае самабытнае слова.
Дзякуй табе, мама!
Дзякуй вам, мае родныя вушацкія людзі, якія не выракліся свайго!
З мяне,
Як камяні з зямлі,
Вушацкія выходзяць словы.
Яны ў мяне ўвайшлі
Змалі,
Каб іх ні ўроцы не ўзялі,
Снягі не замялі,
Дубровы
З сабою словы не звялі
У свой апошні шлях,
Калі
Іх зводзіць пачалі на дровы.
Гудуць, нібы раі ў вуллі,
Вядуць, як дома, перазовы,
Ідуць раллёй, як жураўлі.
Яны ратаі й кавалі,
І хадакі ад мамы
Словы
Вушацкія.
Іх кожны крок
Мой бачыць слых,
Мой чуе зрок.
Слоўнік
Абабраць – прыбраць, упрыгожыць. Уся хата кілімамі (каберцамі) абабрана.
Абадвы́, абы́два – двое мужчын. Глядзелі абадвы рот разінуўшы.
Абалонь – кругляк, бярвяно без сарцавіны. Доўга ляжала бярно, стрыжань выгніў, абалонь засталася.
Абалынка – хмурынка, аблачынка. Набегла абалынка й сонейка схавала.
Абарэц – сетка лавіць рыбу. Абарцом троху й налавілі шчупачкоў.
Абасваíцца – асвойтацца, абвыкнуцца. Дзікаватая была котка, а цяпер абасваілася, аббылáся.
Аббіты – дасведчаны, абчасаны жыццём. Ты ж троху вопытны, аббіты малец.
Абвіднјцца – развіднецца, днець. Абвіднелася – тады й рушылі ў дарогу.
Абгаркі – абгарэлыя дошкі, бярвенцы. Цягала з пагáрышча абгаркі, хату лапіла, сенцы лапіла.
Абдаўжы́цца – залезці ў даўгі. Ён прыехаў, яна карміла, паіла яго, абдаўжылася.
Абдзёрак