Скачать книгу

сягоння – святочны ваш час!

      Алеся тым часам ператваралася ў Левітана – Урачыстая лінейка, прысвечаная пачатку новага навучальнага года аб’яўляецца адкрытай!

      Ярык адразу ж націснуў трыманую напагатове кнопку і з калонак гучна панесліся першыя гімнавыя акорды. Маё неадціснутае мядзведзем вуха адразу адчула нешта не тое, і літаральна праз секунду я зразумеў прычыну гэтага адчування. З калонак вырваўся спеў:

      Ще не вмерла України і слава, і воля,

      Ще нам, браття молодії, усміхнеться доля.

      Усе ўвачавідкі асалапелі, але эмоцыі стрымалі. Ззаду пачуўся ўстрывожаны шэпт чальцоў адміністрацыі. Руслан Альгердавіч спяшаўся суцішыць аднаго з невядомых мне гасцей. Любартава кінулася да Майсюка, які ўсё ж выключыў гімн суседняе дзяржавы і пачаў апраўдвацца: маўляў, спампаваў трэк з інтэрнэту, не пакалпаціўшыся загадзя праверыць яго змест. Адначасова ён корпаўся ў ноутбуку, каб сцягнуць з сеціва патрэбны гукавы файл. На гэты раз яму пашанцавала. Паўза занадта не зацягнулася, і ўрэшце можна было падхапіць словы нашага міралюбівага гімну:

      Мы, беларусы – мірныя людзі,

      Сэрцам адданыя роднай зямлі,

      Шчыра сябруем, сілы гартуем

      Мы ў працавітай, вольнай сям’і.

      Я наўмысля варушыў губамі, дарма што ведаў новыя словы толькі прыблізна, і пільнаваў, ці робіць яшчэ нехта гэткае. Бальшыня шкаляроў, асабліва старшакласнікаў, проста стаялі і глядзелі ў зорнае нікуды. Падпявалі толькі малыя і ўсяго некалькі чалавек больш сталага школьнага веку. Мае ўсе чыста маўчалі, прымудраючыся на мігі паведаміць адно аднаму, што класны кіраўнік спявае беларускі гімн.

      Калі галоўная песня нашай краіны адгучала, Алеся Рыбанька запрасіла да мікрафона дырэктара. Ён, павіншаваўшы ўсіх прысутных, стаў пералічваць выдатныя дасягненні школы за мінулы навучальны год. Я заўжды дзівіўся яго прамоўніцкаму імпэту і ўменню доўга гаварыць без паперкі. Дырэктар згадаў і медалістаў, і адрамантаваныя класы, і яшчэ плойму ўсяго ўсялякага, чым я і не падумаў бы хваліцца. Следам за ім прамаўляў госць, якога прадстаўляла Алеся, а я празяваў усё, што яна сказала. Госцеў спіч быў бадзёры. Ён абычас усміхаўся, напамінаючы сабе і ўсяму ваколлю, што нам пашчасціла быць грамадзянамі самай стабільнай дзяржавы ў свеце. Цалкам лагічным пасля яго выступу выглядала ўручэнне членскіх білетаў навабранцам моладзевага саюзу, якое паволі перацякло ў спеў яшчэ ненавернутай у членства, але надзвычай патрыятычнай старшакласніцы з даўгімі валасамі, пафарбаванымі ў цёмны-цёмны колер:

      Беларусь сильная,

      Беларусь красивая,

      Самая моя,

      самая моя

      любимая!

      «І ты паставіў ёй за год усяго толькі шасцёрачку?» – памысна каяўся я. Але адказваць не было калі. Надыходзіў час успомніць старты і фінішы нашых школьных спартоўцаў. Да мікрафона Алеся запрасіла жанчыну, якую на маёй памяці ніхто і ніколі не прадстаўляў інакш, як наша дарагая Ганна Мікалаеўна. Ні прозвішча, ні пасады, нават прыблізнай, не называліся. Гаварыла яна сцісла, нібыта жыхарка старажытнай Лаконікі. Хваліла поспехі.

Скачать книгу