Скачать книгу

дрэвам. Месца было казырнае. З аднаго боку яго хавала дрэва ад непатрэбнай увагі мінакоў, зрэшты, нецікаўных і даволі рэдкіх, бо вуліца не назаляла небу і сонцу шматлюднасцю, з другога – важкія і таксама высокія каменныя парэнчы, за якімі хаваліся і, уласна, лесвічныя прыступкі, і мы ўсе, як паселі на тых прыступках. З вуліцы нас не было відаць, адно чуваць, бо размаўялі мы гучна пад уздзеяннем «Вермута». Алесь Герасімавіч развітаўся з намі і пайшоў у бок метро, праўда, пагрозліва ці, мо, папераджальна пахітаў пальцам, маўляў, будзьце асцярожныя, хлопцы. Разам з ім сыходзілі дзяўчаты, абступіўшы паўколам яго грузную паставу. Зрэшты, не ўсе. Некаторыя далучыліся да нашай грамады. Напэўна, з-за Патаранскага. Ён быў найстарэйшым за нас і вучыўся ў Акадэміі мастацтваў на актора і рэжысёра, пра што ніколі не забываўся ўдакладняць пры знаёмстве з дзяўчатамі, намякаючы такім чынам на сваё светлае будучае ў кіно ды тэатры. Натуральна, кожная вялася. Ды ён і не маніў, да таго ж валодаў такім тэмбрам голасу, які зачароўваў з першага гуку рамантычна-узнёслыя душы маладзенькіх паэтак, якія, хутчэй за ўсё, нават марылі памыліцца, ашукацца ў ім, але пакінуць на памяць тое, што потым можна будзе выкарыстаць ва ўласнай творчасці. Ну і знешнасць меў Патаранскі артыстычную ў дадатак да творчага таленту. Ён не толькі пісаў вершы і марыў перавярнуць з ног дагары тэатральны і кінематаграфічны свет, як зрэшты, і кожны з нас, адно што іншы свет – літаратуры; ён пісаў музыку, пісаў карціны, пісаў п’есы, пісаў празаічныя творы. І з першага погляду закохваў у сябе. Таму не дзіўна, што дзяўчаты ліплі да яго, як мухі на мёд. Іншая справа, сам ён адносіўся да іх легкадумна. Дый мы, калі шчыра, таксама ў легкадумнасці мала чым адрозніваліся ад яго. Увага дзяўчат, так, акрыляла, падвышала самаацэнку, прымушала выпінаць грудзіну і хадзіць гогалем, але не больш за тое. Сур’ёзныя адносіны? Якія сур’ёзныя адносіны, калі мы такія маладыя, а дзяўчат процьма, і самых розных ды на любы густ! Мы нават да Паэзіі ставіліся як да каханкі ў большай ці меншай ступені, а не да каханай дзяўчыны, хоць па-блазенску казалі, што адданыя да канца жыцця толькі ёй і больш нікому. На філфаку, сустракаючыся перад заняткамі або пасля іх, збіраліся ў прыбіральнях і чыталі вершы там, не каб прынізіць, вядома, Паэзію, а падкрэсліць інтымнасць нашых адносін з ёй. Панядзелкі ў «Першацвеце» чакалі з нецярпеннем штотыдзень, хоць бачыліся кожны дзень на факультэце, як спаткання з жаданай дзяўчынай, асабліва ў нефармальнай абстаноўцы, пасля афіцыйнага пасяджэння, якое, зрэшты, ніякім афіцыйным пасяджэннем не было. Там мы знаёміліся, каб потым, на вуліцы, знаёмства тое ўзмацніць. Там мы дыхалі і не маглі надыхацца водарам чысціні, метафар, строф… Паэзія, здавалася, зазірала ў душу кожнага з нас там, цалавала, лашчыла і абяцала хуткую сустрэчу з сабой сам-насам неўзабаве. Мы верылі. Мы любілі. Мы ведалі, хто мы. І не сумняваліся ў сваім веданні. Алкаголь, які мы прымалі, не разбураў тое, аб чым нас палохалі. Наадварот, ён трымаў нас поруч. І мярзотны, зацугляны небам зранку дождж таксама нічога дрэннага не мог нам зрабіць.

Скачать книгу