Скачать книгу

сіратліва.

      Тут, сярод гэтых прыручаных, змененых працоўнымі рукамі абшараў у лепшую долю для людзей, у будучыню, толькі для іх прызначаную, верылася. Прынамсі, верылася значна болей, чым на дзікіх пустках, дзе з верасовых суквеццяў вырастаюць чароўныя коні, або ў вячыстай пушчы, чалавеку не падуладнай.

      Над дубровамі пачынаў патроху налівацца барваю захад, а таму, крыху перавёўшы дыханне на ўзлессі, зрабіўшы па глытку з біклагі з травяным напоем, яны рушылі далей, несліся нястомна, быццам дзве верасовыя віхуры. Каляіны ацяжэлі, паглыбіліся, сама дарога заўважна раздалася ўшыркі і часта давала адгалінаванні. Тыя разыходзіліся то ўправа, то ўлева, беглі, кружляючы, цераз палі і лугі, цераз дубровы, і было бачна, як у аддаленні падымаюцца ў неба дымы ачагоў. Гэта быў абжыты чалавекам, досыць густа заселены кут, і Лелю тым больш дзіўным падавалася, што чары не-людзей могуць мець тут сілу, ды і ўвогуле – існаваць.

      – О, нашыя чары паўсюль, – адказаў Йурай на Лелева нясмелае пытанне, калі яны прыпыніліся на адным з раздарожжаў. – Мы жывём тут вельмі даўно, чалавечае дзіця. І нашыя чары, і мы – частка гэтай зямлі.

      – А як жа тыя «часы людзей»? – Лель перадаў лютністу яго біклагу і ацёр даланёю вусны. – Што ж тады будзе… з чарамі?

      Ён хацеў спытаць – «з вамі», але язык неяк не павярнуўся.

      – Аднойчы ўсё заканчваецца, – адгукнуўся Йурай, памаўчаўшы. – Старое мусіць сысці, каб прыйшло новае. Такі лад рэчаў у свеце пад месяцам, чалавечае дзіця.

      – І… – Лель зябка павёў плячыма. Яму чамусьці да болю шкада стала чараў, нязвыклых і прыўкрасных, і змяіных звіваў ліній на камянях, і верасовага мора на дзікіх пустках. – Няўжо нічога нельга зрабіць?

      Йурай усміхнуўся.

      – Часам я задаю сабе такое ж пытанне, – адказаў ціха. – Але не ведаю адказу.

      Верасовыя скакуны неслі іх далей і далей. У засені дубоў па пагорках часта бялелі стаячыя камяні, і тады ў вецер, апроч перашэптвання лісця, упляталіся ледзь заўважныя чалавечаму слыху зыкі. Лель, заплюшчваючы вочы, засяроджана прыслухоўваўся – і чуў, адрозніваў, як цягнуцца і трымцяць даўнім глыбінным спевам сярэбраныя ніці чараў, што сыходзілі з самой зямлі.

      Што былі голасам гэтай зямлі.

      Прошчы пелі і гаварылі – можа быць, між сабою, можа быць, гукаючыся з цёмнаю пушчай, што ўсё аддалялася, аддзеленая апрацаванай зямлёй. І гэты спеў незаўважна быў паўсюль, дамешваўся да дробату капытоў і бразгання збруі, да крокаў ветру ў прыдарожных зарасніках, да перазвону вады ў соннай рачулцы, што давала нырца пад гулкі масток цераз глыбокі яр.

      За ярам Йурай пусціў каня ступою. Лелеў скакун без аніякай указкі вершніка сцішыў хаду таксама, і зараз яны ехалі куды павольней, прыглядаючыся да ваколіцы. Магутныя дубы, у якіх дзе-нідзе пачынала ўжо залаціцца лісце, непарушна стаялі на пагорках, а часам і спускаліся ніжэй, ледзь не да самой дарогі. Мясцовыя, падобна, часцяком вырубалі тут векавыя дрэвы для ўласных патрэб, і Лель

Скачать книгу