ТОП просматриваемых книг сайта:
Маска Чырвонае Смерці (зборнік). Эдгар Алан По
Читать онлайн.Название Маска Чырвонае Смерці (зборнік)
Год выпуска 0
isbn 978-985-90386-8-6
Автор произведения Эдгар Алан По
Жанр Зарубежная классика
Серия Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
Издательство Электронная книгарня
Я цяпер не рызыкну апісаць, наколькі моцна гэты вытанчаны партрэт даймаў мяне (дзеля справядлівасці адзначу, што ён зусім не быў карыкатурай). Суцяшала мяне толькі тое, што гэтае капіяванне, несумненна, адзначаў толькі я, адзінаасобна трываючы дасведчанасць і дзіўныя з’едлівыя ўсмешкі майго цёзкі. Задаволены тым, што абуджаў унутры мяне, ён, падавалася, употай цешыўся з болю, які прыносіў, і паказальна грэбаваў ухваламі, якія яго паспяховыя практыкаванні лёгка маглі б выклікаць. Доўгія месяцы для мяне было загадкай, чаму ніхто не зразумеў яго намераў, не ацаніў яго дзеянняў і не ўзяў удзелу ў высмейваннях. Магчыма, паступовасць яго дзеянняў не так лёгка спасцігалася, альбо, верагодней, за сваю бяспеку я мусіў быць удзячны майстэрству перасмешніка, які, грэбуючы вонкавымі праявамі (выключна іх на карцінах і заўважаюць недалёкія людзі), узнаўляў сам дух арыгіналу, дазваляючы толькі сваёй ахвяры сузіраць усё, чым і дапякаў толькі яе.
Я ўжо не раз казаў пра агідны паблажлівы тон, абраны ім у дачыненні да мяне, і пра яго няпрошанае ўмяшальніцтва ў мае справы. Гэтае ўмяшальніцтва ўвасаблялася ў навязлівых парадах, якія даваліся не пры ўсіх, а сам-насам з дапамогай паступовага навядзення на думку. Я выслухоўваў іх з раздражненнем, якое з гадамі толькі набірала сілу. Тым не менш сёння, у такі далёкі ад таго часу дзень, дазвольце мне дзеля справядлівасці прызнаць, што ніводная з парадаў майго суперніка не вяла да недальнабачных памылак, уласцівых юнаму ўзросту і недастатковай дасведчанасці; гэтае яго маральнае адчуванне, калі не талент і жыццёвая мудрасць, было нашмат вастрэйшым за маё – а сёння я сам быў бы лепшы і шчаслівейшы, калі б не так часта адрынаў парады, зробленыя выразным шэптам, парады, якія я тады ненавідзеў усім сэрцам і якімі люта пагарджаў.
Так пад яго надзвычай непрыемным наглядам маё раздражненне павялічвалася, і я ўсё больш і больш адкрыта выказваўся, што я думаю пра яго невыносную пыху. Я ўжо згадваў, што ў першыя гады школы мае пачуцці да яго маглі выспець у сяброўскія, але ў апошнія месяцы майго знаходжання ў акадэміі, нягледзячы на тое, што яго дзеянні што да мяне ў пэўнай меры паслабіліся, мае пачуцці – у роўнай прапорцыі – набліжаліся да недвухсэнсоўнай нянавісці. Пасля аднаго выпадку, я думаю, ён гэта заўважыў і пачаў пазбягаць мяне – альбо рабіць выгляд, што пазбягае.
Менавіта тады, калі мяне не падманвае памяць, у нейкай бурнай сварцы ён быў як не ў сабе – прамаўляў і паводзіўся з неўласцівай яму раней адкрытасцю, і я заўважыў (альбо мне так падалося?) у яго тоне і агульнай манеры нешта такое, што спачатку выклікала страх, а пасля глыбока зацікавіла мяне, бо абудзіла слабыя