Скачать книгу

за часам, – нізкае, ціхае, але вельмі выразнае рыданне вырвала мяне са здранцвення. Мне падалося, што яно прагучала з эбенавага ложка – ложка смерці. Я прыслухаўся, нямеючы ад прымхлівага жаху, але гук не паўтарыўся. Я ўглядаўся ў цела, спрабуючы заўважыць хоць нейкі рух – але не ўбачыў нічога. Між тым я не мог памыляцца. Я чуў гук, якім бы ціхім ён ні быў, і душа мая абудзілася. Я не спускаў вачэй з цела. Мінула шмат хвілінаў, перш чым адбылося тое, што кінула святло на таямніцу. Урэшце стала відавочна, што шчокі і дробныя жылкі павекаў заліў слабы, але заўважны румянец. Ад невымоўнага жаху і трапятання, для якіх мова смяротных не знойдзе выразу, маё сэрца перастала біцца, а цела знерухомела. Урэшце пачуццё абавязку вярнула мяне да прытомнасці. Не было сумневу, што мы паспяшаліся з падрыхтоўкаю, – Равэна яшчэ жывая. Трэба было неадкладна дзейнічаць, але вежа была далёка ад таго крыла абацтва, дзе жылі служкі, і паклікаць не было каго – я мусіў бы на пэўны час пакінуць пакой, а на гэта я не мог наважыцца. Таму я сам прыклаў усе намаганні, каб вярнуць у цела душу, што лунала паблізу. Аднак хутка стала відавочна, што Равэна вярнулася да ранейшага стану: румянец знік са шчок і павекаў, саступіўшы бялейшай за мармуровую бледнасці, вусны ўдвая зморшчыліся і сціснуліся ў жудаснай грымасе смерці, агідная халодная вільгаць хутка пакрыла цела, якое адразу застыла. Я, дрыжучы, вярнуўся на атаманку, з якой быў падняты так рэзка, і зноў аддаўся жарсным мроям наяве пра Лігею.

      Так мінула гадзіна, калі (няўжо гэта магчыма?) я другі раз пачуў нейкі няпэўны гук з боку ложка. Я ўслухоўваўся ў невымоўным жаху. Гук пачуўся зноўку – гэта быў уздых. Я кінуўся да цела і ўбачыў – выразна ўбачыў – трапятанне вуснаў. Праз імгненне яны варухнуліся, раскрыўшы бліскучую палоску жамчужных зубоў. Цяпер у маім сэрцы з трапятаннем, якое датуль панавала там усеўладна, пачало змагацца агаломшанне. Я адчуў, што ў вачах у мяне пацямнела, што розум мой затуманіўся, і толькі адчайным высілкам прымусіў сябе зноў выканаць свой абавязак. Яе лоб, шчокі і шыя паружавелі, цела пацяплела і нават слаба забілася сэрца. Яна жыла; з падвойным палам я пачаў вяртаць яе да прытомнасці. Я расціраў яе, змочваў скроні і рукі, пераспрабаваў усё, што памятаў з досведу і чытання медыцынскіх кніг. Але марна. Раптам румянец знік, сэрца спынілася, вусны змярцвела запалі, і праз імгненне цела зрабілася халодным, як лёд, пасінела, застыла, страціла абрысы і набыло ўсе гідкія прыкметы цела, якое шмат дзён праляжала ў магіле.

      І зноў патануў я ў мроях пра Лігею, і зноў (ці дзіўна, што я дрыжу, пішучы гэта?), зноў пачуў ціхае рыданне з эбенавага ложка. Але нашто падрабязна перадаваць невымоўныя жахі тае ночы? Нашто спыняцца на аповедзе пра тое, як раз за разам, да самага шэрага світання, паўтаралася гэтая жудасная драма ажыўлення, як кожнае вяртанне да жыцця змянялася яшчэ страшнейшай, яшчэ больш непераможнай смерцю, як кожная агонія адлюстроўвала барацьбу з невядомым і нябачным ворагам і як кожная бітва жахліва змяняла выгляд трупа? Не, дазвольце мне хутчэй перайсці да развязкі.

      Гэтая

Скачать книгу