ТОП просматриваемых книг сайта:
Лявон Бушмар. Кузьма Чорны
Читать онлайн.Название Лявон Бушмар
Год выпуска 1929
isbn 978-985-02-0915-3
Автор произведения Кузьма Чорны
Жанр Литература 20 века
Серия Бібліятэка школьніка
Издательство Электронная книгарня
Малады ваўчок – Лявон быў ужо дарослы хлопец тады, калі памёр бацька, але яшчэ ў салдаты не папаў праз гады свае. Незадоўга да смерці бацька колькі раз гаварыў яму:
– Ты, сынку, глядзі, каб не папасціся адно ў войска, а калі вайна зацягнецца, дык i пагатоў пра гэта думай, што ж, я ўжо век свой пражыў, можа, i не будзе мяне хутка на свеце, дык думай сам. Калі прыйдзе пара iсці ў салдаты, дык напрамілуй Бог старайся як-небудзь выкруціцца. Можа, грошай трэба будзе паткнуць доктару ці якому іншаму гаду, дык што ж ты зробіш. Трэба дык трэба! Я сам не служыў, грашыма адкупіўся, i нябожчык дзед твой ад рэкрутаў захаваўся: некалькі год засаб стуляўся, часамі, расказваў, цэлы тыдзень пралежыць, бывала, у хляве пад гноем; дык не канечне i табе iсці служыць ліха ведае за што чорту лысаму.
А калі вайна была з палякамі, Лявону прыйшла ўжо была пара iсці ў войска, але так усё iшлося, што не лішне ён i клопату ўжываў, каб не iсці то адступленні, то наступленні, то прыхоўваўся крыху, так яно i сыходзіла. Толькі калі ўжо вайна канчалася, выйшаў быў загад такі, што ўсім дэзертырам будзе даравана, калі ў тры дні самі з'явяцца. У Лявона, вядома, i ў думках не было з'яўляцца, ды, можа, i не чуў ён пра гэты загад, седзячы, як воўк, у сваёй лясной гушчырні, але з блізкіх залесных хутароў два хлапцы сабраліся ехаць i яго падгаварылі:
– Дурны ты, што ты выгадаеш, калі будзеш сядзець дома! Можа, неўзабаве, кажуць, замірэнне будзе, дык доўга служыць не давядзецца, а так – усё роўна не падаруюць.
– А ці праўда, што цяпер нічога не будзе?
Яму паказалі друкаваны загад. I хоць ён чытаць не ўмеў, але друкаванай паперцы паверыў i такім чынам праслужыў у Чырвонай арміi нешта з год. Расказвалі, што чырвонаармеец з яго выйшаў несамавіты. Страляў ён добра (разам з бацькам найлепшымі паляўнічымі былі), але палітграмата – дык гэта была для яго пакута. Чытаць яго таксама ледзьве-ледзьве навучылі, але ж калі ён пасля вярнуўся дадому, дык адразу i гэта забыўся.
У арміi папаў ён у тую часць, якая кагадзе з фронту прыйшла. Стаялі раней у казармах, а пасля выйшлі з іх.
Сярод лясоў i поля Лявон Бушмар павесялеў, стаў вастрэйшым на слова, а то раней, у горадзе, у казармах быў надта ўжо панурым i маўклівым. Часамі слова ад яго выцягнуць нельга было. Сярод гэткага збору людзей i гарадской таўкатні ён адчуваў сябе, як мядзведзь за сталом у пакоях. Некалькі разоў за ўсю службу ён прасіў усё аднаго ж таварыша напісаць да мацеры ліст:
– Напішы ты, будзь ласкаў, ліст мне дадому, я табе аддзякую.
З гэтага «я табе аддзякую» заўсёды смяяліся ўсе яго таварышы i раз нават вывелі яго з цярплівасці.
– Які тут можа быць смех! А што ж ён павінен мне пісаць, ці што? Або ты мне, або я табе – што рабіць? Усякі сам i для сябе толькі можа рабіць што i калі сам захоча.
– Ты зусім, Бушмар, не калектыўны чалавек, – сказаў хтосьці з таварышаў.
На гэта ён нічога не адказаў, унурыўся i лёг на свой ложак, адвярнуўшыся ад усіх. Лiста ў той дзень ён пісаць ужо не захацеў. Лiст напісалі на другі дзень, калі той таварыш, што пісаў заўсёды яму, сам падышоў да яго:
– Ну дык давай, Лявон, напішам, ці што?
Лявон пачаў дыктаваць:
– Дзякуй Богу жыў, напішы, здароў. Нудна па доме, i няхай не збывае жарабіцы i рабіць каго найме, пакуль я прыйду, каб не рашаць гаспадаркі…
Маці раз прыслала была яму пасылку. Дык ён дастаў з пасылкі самы большы сыр i падышоў да таго таварыша, што заўсёды пісаў яму:
– Вазьмі, будзь ласкаў, сыр. Ты заўсёды мяне слухаеш, калі я прашу цябе напісаць дадому.
Таварыш пакрыўдзіўся:
– Так, па-таварыску, дык я вазьму, а калі гэта заплата, дык не хачу.
Лявон Бушмар, як бездапаможнае дзіця, аглянуўся навокал. Высокая постаць яго крыху прыгнулася ад нейкай як бы нецярплівасці, непаразуменне было ў вачах.
– Вазьмі, – яшчэ раз сказаў i працягнуў у руках сыр.
– Не вазьму. Давай усе гуртам яго з'ямо.
Ён не ведаў, што рабіць з сырам, схаваць яго назад ці пакінуць на таварышавым