Скачать книгу

клёк…

      Узяўшы коўдру пад паху, я адпраўляюся на Стэнерсгатэн, у дом нумар пяць.

      Я пастукаў і ўвайшоў у вялікі незнаёмы пакой. Дзвярны званок у мяне над галавою празвінеў гучна і трывожна. З суседняга пакоя выйшаў нейкі чалавек з напханым ротам і стаў за прылавак.

      – Дайце мне паўкроны за гэтыя акуляры! – сказаў я. – Праз некалькі дзён я іх абавязкова выкуплю.

      – Што? Аправа ж проста сталёвая?

      – Сталёвая.

      – Не, я не магу іх узяць.

      – Зразумела. Бо я, папраўдзе, пажартаваў. Вось у мяне тут коўдра, якая, па сутнасці, мне больш не патрэбная, і я хацеў бы ад яе пазбавіцца.

      – На жаль, у мяне цэлы склад коўдраў, – адказаў ён, а калі я разгарнуў коўдру, толькі зірнуў на яе і ўсклікнуў: – Прашу прабачэння, але гэта мне таксама без патрэбы.

      – Я знарок адразу паказаў вам выварат, – з другога боку яна нашмат лепшая.

      – Усё роўна я яе не вазьму, бо ніхто не дасць за яе нават дзесяці эрэ.

      – Зразумелая справа, яна асабліва нічога не вартая,   – пагадзіўся я. – Але мне здавалася, што разам з іншымі старымі коўдрамі яе можна прадаць.

      – Не, не, то марная справа.

      – Можа быць, дасце хоць дваццаць пяць эрэ? – спытаў я.

      – Не, напраўду, я не магу яе ўзяць, шаноўны, яна мне зусім ні да чаго.

      Я зноў схапіў коўдру пад паху і пайшоў дадому.

      Як нічога-ніякага, я разаслаў коўдру на ложку, старанна расправіў яе, быццам нікуды і не насіў. Наважыўшыся на гэтую авантуру, я, здаецца, быў не ў сабе, і чым больш я думаў пра гэта, тым больш недарэчным уяўляўся мне мой учынак. Відавочна, гэта быў прыступ слабасці, нейкае ўнутранае атупенне. Але я адчуў, што гэта пастка, зразумеў, што вар’яцею, і перш за ўсё прапанаваў ліхвяру акуляры. А цяпер я быў так рады, што не зрабіў злачынства, якое б атруціла апошнія гадзіны ў маім жыцці.

      Я зноў пайшоў блукаць па горадзе.

      Каля царквы Збаўцы я зноўку сеў на лаўку, апусціўшы галаву на грудзі, змардаваны нядаўнімі хваляваннямі, хворы і змучаны голадам. А час ішоў.

      Я праседзеў гадзіну пад адкрытым небам; тут было святлей, чым дома, акрамя таго, мне здавалася, што на свежым паветры не так пакутліва ныла ў грудзях; я не спяшаўся вяртацца дадому.

      Я драмаў, разважаў, і мне было вельмі цяжка. Я падабраў каменьчык, абцёр яго, сунуў у рот і пачаў смактаць; пры гэтым я амаль не варушыўся і нават не міргаў. Паўз мяне праходзілі людзі, чуўся грукат павозак, стук падкоў, галасы…

      Чаму б усё ж не паспрабаваць шчасця з гузікамі? Вядома, з гэтага нічога не выйдзе, і, акрамя таго, я па-сапраўднаму хворы. Але калі добра ўсё ўзважыць, то ўсё адно па дарозе дадому я прайду каля крамы ліхвяра, таго самага, да якога я так часта заходзіў.

      Нарэшце я ўстаў і павольна, ледзьве перастаўляючы ногі, паклыпаў па вуліцы, па адной, другой… Лоб у мяне гарэў, пачыналася ліхаманка, і я спяшаўся як мог. Я зноў прайшоў каля пякарні, дзе ў вітрыне быў выстаўлены хлеб.

      – Ну вось, спынімся тут, – сказаў я з ненатуральнай

Скачать книгу