ТОП просматриваемых книг сайта:
Голад (зборнік). Кнут Гамсун
Читать онлайн.Название Голад (зборнік)
Год выпуска 1890
isbn 978-985-7165-10-0
Автор произведения Кнут Гамсун
Жанр Зарубежная классика
Серия Noblesse Oblige
Издательство Электронная книгарня
– Цяпер роўна дзесяць.
– Не, цяпер дзве гадзіны, – са здзіўленнем запярэчыў ён.
– Не, дзесяць, – настойваў я. – Цяпер роўна дзесяць. – Я завыў ад злосці, зрабіў яшчэ некалькі крокаў наперад, сціснуў кулак і сказаў: – Паслухайце, я кажу вам, што цяпер – дзесяць.
Некалькі імгненняў ён спрабаваў нешта ўцяміць, узіраўся ў мяне доўга і пільна. Потым сказаў ціха:
– У кожным выпадку, вам пара дадому. Можа быць, вас праводзіць?
– Не, дзякую. Я крыху заседзеўся ў кавярні. Шчыры вам дзякуй.
Калі я сыходзіў, ён дакрануўся да свайго шлема. Яго паслужлівасць мяне зусім абяззброіла, і я заплакаў ад крыўды, што ў мяне не знайшлося для яго пяці крон. Я спыніўся і доўга праводзіў яго вачыма, я лупіў сябе ў лоб і заліваўся слязьмі, гледзячы яму ўслед. Я праклінаў сябе і сваю беднасць, лаяў сябе апошнімі словамі, выдумляў крыўдныя мянушкі, высільваўся ў пошуках самых грубых лаянкавых слоў і абзываў сябе як толькі мог. Так яно доўжылася мала што не да самага дому. Дайшоўшы да брамы, я ўбачыў, што згубіў ключы.
«Ну вядома ж! – сказаў я сабе з горыччу. – Як мне было не згубіць тых ключоў? Я жыву на двары, дзе ёсць стайня, а наверсе – майстэрня бляхара, брама зачыняецца на ноч, і ніхто, ніхто не можа яе адамкнуць, – як жа мне было не згубіць ключоў? Я прамок, як сабака, згаладаўся, – крыху-крыху згаладаўся, я адчуваў дзіўную слабіну ў каленках – як жа мне было не згубіць ключоў? Чаму ж і напраўду ўсім жыхарам не павыязджаць у Акер, акурат калі мне трэба ўвайсці?..» І я смяяўся, здратаваны голадам і сваёю слабасцю.
Я чуў, як коні на стайні білі капытамі, і бачыў сваё акенца наверсе, але не мог адчыніць браму і ўвайсці. Стомлены і раззлаваны, я вырашыў вярнуцца на прыстань і пашукаць свае ключы.
Зноў пайшоў дождж, і я ўжо адчуваў, як вада сцякае ў мяне па спіне паміж лапаткамі. У ратушы мне раптам прыйшла ў галаву цудоўная думка: я вырашыў звярнуцца да паліцыі з просьбай адчыніць мне браму. Падышоўшы да паліцыянта, я пераканаўча папрасіў яго пайсці са мною і, калі гэта магчыма, адамкнуць замок.
Калі б гэта было магчыма, тады вядома! Але гэта немагчыма: у яго няма адмычак. Адмычкі ёсць адно ў агентаў аддзела крымінальнага вышуку.
– Як жа мне быць?
– Што ж, давядзецца вам заначаваць ў гасцініцы.
– Але я, папраўдзе, не магу начаваць у гасцініцы: у мяне няма грошай. Разумееце, я выйшаў з дому толькі ў кавярню…
Колькі хвілін мы пастаялі на прыступках каля ратушы. Ён думаў пра сітуацыю, разважаў, пазіраючы на мяне. Дождж ліў, як з вядра.
– Вам давядзецца пайсці ў дзяжурную частку і абвясціць, што ў вас няма прытулку, – сказаў ён.
Абвясціць, што ў мяне няма прытулку? Пра гэта я не падумаў. Далібог,