Скачать книгу

адпрошваўся. Я – апошні з роду, сваякоў не маю. А Лёднік… – Вырвіч зазірнуў у бліскучыя ад цікаўнасці вочы праверанага сябрука па пракудах, зноў пасміхнуўся нейкім сваім успамінам. – Помні, слова даваў – не распаўсюджваць… Лёдніка мне аднойчы… прадалі.

      Калі б зараз у калідоры з’явілася жывёла кракадзіл, якая паводле бестыярыяў увасабляе крывадушша, бо забівае чалавека і зараз жа плача над ім, Вінцук не так бы ўразіўся.

      – Як гэта… прадалі?

      – За шэлег. Гэта ўсё, што я тады ў кішэні меў, – Пранціш трохі блазнаваў, але было зразумела, што не жартуе. – Спынілася каля мяне карэта на дарозе з Менску да Ракава… Разумееш, Лёднік здабыў філасофскі камень. Гэты можа… Упёрты… Але, здабываючы, нарабіў даўгоў і ўрэшце заклаў сябе самога. А гаспадар ягоны ўзлаваўся, што Лёднік адрокся пасля гэтага ад алхіміі і астралогіі, а здабытага з медзі золата аказалася не больш за шчопаць, і прадаў яго першаму стрэчнаму… Так мне і пашанцавала яго займець.

      – Дык прафесар… быў тваім слугою? – бровы Недалужнага, падобныя да двух чорных бухматых вусеняў, палезлі на лоб. Вырвіч фыркнуў.

      – Ты можаш уявіць пана Лёдніка чыімсьці слугою?

      Недалужны ў жаху затрос галавою. Лягчэй уявіць, як бадзёра скача мазурку падскарбій літоўскі Трызна, які ў крэсла не змяшчаўся, так што кароль загадаў дзеля яго лаўку адмысловую падчас сойму ставіць.

      – Ну, вось… Лёднік і тады быў такім самым… Узяўся мяне адукоўваць.

      – Вохці мне… – Вінцук, відаць, уявіў, як гэта – калі падобны настаўнік каля цябе ўвесьчасна. – Каб ён аблез няроўна. І ты што, не вытрымаў і на волю яго адпусціў?

      Пранціш адвёў вочы ўбок і ледзь заўважна пачырванеў.

      – Ды не… Так атрымалася, што ён сам сабе здабыў волю і шляхецтва. Па справядлівасці і паводле Статута. На полі бойкі.

      Аднакурснік Пранцыся памаўчаў, прывыкаючы да навінаў.

      – І як жа вы цяпер?

      Пранцысь шырока ўсміхнуўся.

      – Ведаеш, мы з доктарам столькі разоў адзін аднаму жыцці выратоўвалі, што лік згубіўся. І, дружа, так сталася, што зараз самыя блізкія мне людзі на свеце – гэта пан Бутрым і пані Саламея Лёднікі. Вось так…

      І зноў скрушна ўздыхнуў.

      – Вось толькі ад пакаранняў гэта мяне не ратуе. Халера….

      – Халера… – пагадзіўся Недалужны, і сябрукі рушылі ў бок прафесарскага кабінету, сумныя, як драўляныя статуі святых у базыльянскім храме.

      Кабінет загадчыка кафедры практычных навук нагадваў чамусьці сутарэнні, хаця й знаходзіўся на другім паверсе: але ці ад цяжкой мэблі з чорнага дрэва, ці ад пылу фаліянтаў, якія сваім цяжарам аж прагіналі паліцы, ці ад злавеснага бляску хімічных прыладаў і сасудаў з заспіртаваным немаведама чым, пра што лепей не ведаць добраму хрысціяніну – тут мроіўся прыцемак і прабіралі дрыжыкі па скуры, як ад марозу. А самы страх наганяў васковы анатамічны муляж, замоўлены асабіста Лёднікам у Фларэнцыі. Муляж уяўляў з сябе напалову рассечаны бюст немаладога мужчыны, прычым усё начынне галавы і

Скачать книгу