Скачать книгу

у трубу на зоры глядзіць, яшчарак ды іншых пачварак у слоіках са спіртам трымае, ды яшчэ вока ўвесь час тузаецца, быццам на яго нябачная муха садзіцца. Адно слова – няма каму клёку дадаць, бо як з дачкой малой застаўся, так новую кабету ў дом і не ўпусціў. Жонка ад недарэкі самым ганебным чынам збегла з заезжым уланам. Дык Рэніч, замест таго, каб падаць у суд на распусную кабету, ды каб за валасы дамоў прыцягнулі, па закону змусілі адказваць за пералюбства, толькі выцер слязу ды адмахнуўся ад прапаноў: няхай, маўляў, жыве спадарыня Рэніч, як хоча, як ёй шчасней. А яшчэ падазрона, што з габрэямі сябруе, з аптэкарам Лейбам колькі вечароў за вучонымі размовамі правялі! Кажа – усе мы Божыя істоты, усім Гасподзь адну зямлю даў, у адным горадзе пасяліў, на адзін рынак ходзім – і няма чаго нам дзяліць, калі ворагі нашу зямлю падзяліць мараць. Няйначай, кабаліст і чарнакніжнік.

      Вось тут, сярод цяжэнных фаліянтаў ды ўтульных томікаў ін-кварта, псалтыраў з залатымі буквіцамі ды філасофскіх трактатаў з загадкавымі малюнкамі Бутрым сябе й знайшоў, бо да навукі кніжнай аказаўся вельмі кемны, і ў стварэнні атрамантаў розных… Трактат Тэафіла “Аб разнастайных штукарствах” вывучыў ён напамяць гадоў у дванаццаць, і ўмеў скласці фарбу “посх” першага і другога роду, і фарбу вірыдонавую, і аўрыпігмент… І вывучыў, “чым валодаюць грэкі ў адносінах да розных фарбаў і сумесяў, што ведаюць у Таскане пра фініфць ды розныя віды чарнення і чым вылучаюцца арабы ў сваіх каваных, ліцейных альбо чаканных вырабах, якой разнастайнасцю сасудаў, гем, разной косткі з золатам і срэбрам знакамітая Італія, як любяць у Францыі розныя прыкрасы ў вокнах і як пашанотныя ў Германіі вытанчаныя працы з золата, срэбра, медзі, жалеза, дрэва і каменя”. А аптэкар Лейба навучыў яго разбірацца ў зёлках ды мікстурах, і складаць тынктуры, і распавёў пра суадносіны ў арганізме вадкасцяў, іначай – гумораў, а менавіта крыві, жоўтай жоўці, чорнай жоўці і флегмы, а яшчэ навучаў лаціне і старагабрэйскаму…

      Іван Рэніч здольнасці хлапца заўважыў, сэрцам да яго прыхінуўся, цяпер было яму разам з кім глядзець на зоры і вывучаць заспіртаваных яшчарак. Бутрым засвоіў усе пераплётныя ўменні і мог працаваць надалей на гаспадара. Але прагу да ведаў Рэніч лічыў галоўнай вартасцю чалавека, таму вылучыў грошы на навучанне юнага Бутрыма, а нешта дадаў і аптэкар Лейба. Давялося гарбару змірыцца з тым, што сын пойдзе па вучонай частцы. Скончыў Лёднік Полацкі калегіюм, атрымліваючы на кожным курсе залаты медаль, тады рушыў ва ўніверсітэт у Празе, скончыў там факультэт мастацтваў, вывучаючы сем вольных навукаў ды царыцу навук – філасофію, тады перабраўся ў Лейпцыг, паступіў на медыцынскі факультэт… Новыя і новыя веды п’янілі мацней за віно. Здабыў доктарскі ланцуг на грудзі, але больш, чым богаўгодная лекарская справа, захапілі яго навукі таемныя. А найперш – алхімія. Знайсці філасофскі камень! Якая высокая мэта жыцця! А што ж, нават іншы палачанін, славуты Францішак, сын Скарынін, некалькі год на здабыванне таго каменя спляжыў, перад тым, як пачаў кніжкі друкаваць. Год за годам

Скачать книгу