ТОП просматриваемых книг сайта:
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская
Читать онлайн.Название Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7083-85-5
Автор произведения Людміла Рублеўская
Серия Пранціш Вырвіч
Издательство Электронная книгарня
Але калі ад’ехаліся вёрст за дзесяць ад места, і не было на дарозе нікога, акрамя ценяў ад аблокаў, а яліны падбягалі так блізка, быццам гуляліся з вершнікамі ў салкі, фурман прытрымаў коней. Пранціш ад нечаканасці ледзь не ўзняў свайго каня на дыбкі, моцна тузануўшы за аброць. Вакенца карэты расчынілася, высунуўся пан Зыгмунд. Цяпер Пранціш мог добра яго разгледзець: гадоў сарака, гладка паголены, запалыя шэрыя вочы, прыплюснуты нос… Пляскаты невыразны твар чалавека, з якім, аднак, не хочацца сварыцца, бо, не змяніўшыся ні рысачкай, суне табе нож пад рэбры.
– Пан Лёднік, патрабуецца вашая дапамога.
Голас у пана Гроса быў таксама невыразны, халодна-абыякавы. Так гавораць людзі, якія не сумняюцца, што іх паслухаюцца.
Пранціш хадзіў па бляклай траве на ўзбочыне туды-сюды і з усіх сілаў намагаўся не выявіць сваёй цікаўнасці да таго, што адбываецца ў карэце, у якой доктар аглядаў таямнічага Якуба Шрэдэра. Драгун падбіваў наском чырвонага бота каменьчыкі, насвістваў маршы… Дужа не хацелася паказваць нават найменшую слабасць перад шэравокім панам Зыгмунтам. Той стаяў каля адчыненых дзверцаў карэты, як бы на варце. Высокі, як Лёднік, таксама хударлявы, але калі доктар быў жылісты і імклівы, гэты здаваўся высечаным з каменю. На фізіяноміі дробныя шнары, рукі не спешчаныя, пісталеты і шабля дарагія, надзейныя – падобна, вайсковая справа пану не ў навіну. Нечым падобны да знаёмага найміта-забойцы Германа Ватмана. Але не вайсковец, як той, не. Стаіць нерухома, а пальцы павольна перабіраюць ружанец. Вочы нагадваюць два алавяныя гузікі, вусны не варушацца, але няма сумніву – моліцца. Мніх? Але чаму тады ў парыку, капелюшы, дарагім чорным камзоле са срэбнымі галунамі?
– Вырвіч, падыдзі! – гукнуў з карэты Лёднік.
Драгун шуснуў у карэту.
Пан Якуб Шрэдэр аказаўся немаладым і шчуплым. Кароткія сівыя валасы, маршчыністы круглы твар, сціплая белая кашуля без карункаў, чорны камзол… Сядзенне карэты расклалі, каб хвораму было выгодна. А што пан Шрэдэр хворы – Пранцішу стала ясна з першага погляду. Хаця цёмныя вочы з пажаўцелага твару паглядалі так пранікліва і разумна, што ў душэўную хваробу не верылася. Тыя вочы падаліся Пранцішу нейкімі дзіўнымі, занадта цёмнымі, ці што… Яшчэ заўважыў Пранціш, прыгледзеўшыся – праз увесь твар старога ішоў тонкі шнар, заўважны толькі спрактыкаванаму воку лекара. Лёднік прыкладваў мазь да скабаў хворага.
– Вырвіч, дастань з валізы яшчэ корпіі, вымачы ў бальзаме, – адрывіста загадаў прафесар.
Пан Шрэдэр маўчаў, пільна сочачы за маніпуляцыямі, якія з ім праводзіліся, час ад часу стрымліваў стогн. Падобна, што ў яго былі не так даўно пераламаныя ледзь не ўсе косткі і вывернутыя суставы. Хаця шнараў ад ляза, куляў ці бізуна, якіх багата назапасіў сам доктар Лёднік, не бачылася. Затое нешта агульнае ў доктара і пацыента знайшлося.