ТОП просматриваемых книг сайта:
Плошча Перамогі. Ольгерд Бахаревич
Читать онлайн.Название Плошча Перамогі
Год выпуска 2021
isbn
Автор произведения Ольгерд Бахаревич
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство ЭК
«Я чула, як вы з маці размаўлялі, – сказала Вераніка. – Міха – гэта мой брат. А што з тым Цыцыкам? Пра якога вы казалі? У якога галава як гарбуз?»
«Дык раскалолі той гарбуз на дзьве часткі, – ажывіўся Лёкса. – Шабляй заехалі зьверху, да мазгоў ажно дастала. Палова галавы налева, палова направа. Сам бачыў…»
Ён прыкусіў язык. Ня трэба паненкам такія падрабязнасьці расказваць. Вераніка ажно зьбялела. А можа, і не зьбялела, яна ў цёмным куце стаяла. Можа, гэта ён сам сабе прыдумаў. Паненкі мусяць бялець ад такіх аповедаў. Ён зірнуў на Вераніку і пабачыў, што і праўда – твар у яе быў чырвоны, нібы ў хаце зрабілася горача, і вочы заблішчалі, яна высунула язык і аблізала сухія вусны.
«Ну, вы не праймайцеся так, – пачаў ён апраўдвацца. – Таму ворагу, які гэта зрабіў, таксама ўжо з паненкамі не гуляць. Яму нашанская куля проста ў вока ўвайшла. Заляцела, як… Як муха, знаеце. І з таго боку выйшла. Бачылі такое?»
«Не», – ціха сказала яна.
Увайшла жонка палясоўшчыка, маці Веранікі, накінулася, зашыпела – што яна на стол ня ставіць. На стале зьявіліся халодная бульба і шынка, і смажаныя грыбы са сьмятанай, і гуркі, і пузатая бутэлька сьлівовіцы.
Лёкса накінуўся на харч, а яны сядзелі і глядзелі на яго панурымі, аднолькавага колеру вачыма. За акном зноў зайграла жалейка.
Кароль сабраўся на вайну,
Абразы не сьцярпеў…
Лёкса таропка запіхваў у сябе бульбу, радуючыся, што ёсьць яшчэ і грыбочкі. Палясоўшчык чамусьці не наліваў – і Лёкса наліў сабе сам. Выпіў і ўсьміхнуўся.
«Вы чаго смурныя такія? Ня радыя каралеўскага вестуна вітаць? Што вы як мёртвыя? Раскажыце, як тут у нас справы. Што ў сталіцы чуваць? Бываюць жа ў вас госьці…»
«Нам расказваць няма чаго, – сказала жонка палясоўшчыка. – Жывем як жывецца. Сына чакаем, Міху. Як пайшоў ён у паход, дык і не было ад яго вестак».
«Пра Міху нічога ня ведаю. А пра Цыцыка я вам расказаў».
«Ты нам лепш пра іншае раскажы, вястун, – паволі прамовіў палясоўшчык. – Пра самае важнае. Якую вестку нясеш?»
«Я думаў, і так усё ясна, – сказаў Лёкса Шпуль і наліў сабе яшчэ. – Смачная ў вас сьлівовічка, дзядзька. Але больш ня буду. Інакш ногі заплятуцца. Прасралі мы вайну. Разьбілі нас ушчэнт каля Чорнае Скалы».
Палясоўшчык пераглянуўся з жонкай.
«Што, не такой весткі чакалі? – Лёксу раптам раззлавалі іхныя простыя, мірныя твары. – Верылі ў перамогу? Думалі, усё будзе як у песьні? Кароль сабраўся на вайну, ля-ля, ля-ля, ля-ля… А яно вось як выйшла! Добра песенька пачалася, ды блага скончылася! Бяз ног з прагнілай галавой!»
Палясоўшчык паглядзеў на яго з пагардай. Але Лёксу было ўжо ўсё роўна.
«Так, дзядзька! – грымнуў ён па стале кулаком, але атрымалася неяк ціха, толькі відэлец у талерцы дзьвякнуў. – Усіх паклалі. І Станю-пекара, і Жардзіну Людвіга, і Ганса-драчылу. І Жабу, і Рудога, і Віскарыка… Гэта толькі з тых, з кім я затаварышаваўся. А я – жывы! І ні ў чым не вінаваты! У чым мая віна?